Трэцяга студзеня ў Мёрах прайшоў конкурс каляднай песні "Зорка Бэтлеема". У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі розных парафій Віцебскай дыяцэзіі з дванаццаццю нумарамі. Ад нашай парафіі ў конкурсе ўдзельнічаў гурт "Ex Anima", шасцігадовая Соня Рымовіч, вакалістка Эліна Пілат і юная скрыпачка Яна Рышкевіч.
Дзеці і моладзь выконвалі песні і інструментальныя кампазіцыі на тэму Божага Нараджэння. Так у выкананні маладога гурта нашай парафіі "Ex Anima" (вакалістка - Яна Піртань, клавішы - Антон Лібік, цымбалы - Яна Магаліцкая, баян - Павел Лібік, бас-гітара - Арцём Піскун, рытм-гітара - Уладзімір Сіпко) прагучалі песні "Пастушкі спалі" і "Рождество". Парадавалі гледачоў спевам і ігрой на скрыпцы і маленькія верніцы нашай парафіі.  
Па выніках конкурсу журы прысудзіла нашай парафіі 2-е месца. Арганістка Іна Сапун, якая займалася падрыхтоўкай нашых удзельнікаў, адзначае, што ўсе яны спяваюць ці граюць у касцёле, таму і жадаюць удзельнічаць у конкурсах, дзяліцца сваімі талентамі. 
"Усе нашыя выканаўцы дастаткова маладыя: па 10, 12-13 гадоў, а гэта значыць, што з такім жаданнем у іх яшчэ ўсё наперадзе. Гурт "Ex Anima" яшчэ новы, і ў такім складзе яны ўпершыню выступілі на падобным конкурсе. А Яна Рышкевіч і зусім не расстаецца са скрыпкай і ўмее зайграць амаль любую калядку", − дадала спадарыня Іна.  
Арганізатарам конкурсу вось ужо 16 гадоў з'яўляецца пробашч парафіі ў Мёрах ксёндз Кшыштаф Мянкіна, які арганізуе яго для таго, каб у час зімніх канікулаў дзеці маглі б з карысцю і ў Божай радасці правесці час. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: кс. Станіслаў Мжыглуд