У актаву святкавання Божага Нараджэння, нядзелю 31 снежня, у нашай парафіі прайшло свята музыкі і спеву − канцэрт "Калядная зорка". У арганізацыі свята дапамог парафіяльны "Карытас".
Пасля святой Імшы на 11 гадзін усе жадаючыя сабраліся ў доме імя айца Францішка Ярдана, каб праз спеў супольна праслаўляць нованароджанага Збаўцу. Спачатку прысутных прывітаў пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд, павіншаваў і пажадаў спакою ў сэрцы і радасці ад канцэрту. А ўдзельнічалі ў ім нават самыя маленькія парафіяне, якія чыталі вершы, спявалі песні, ігралі на музычных інструментах. Далучаліся да іх падлеткі, а завершыўся канцэрт тэатральнай пастаноўкай ад моладзі пра Божае Нараджэнне. А паколькі свята праходзіла напярэдадні святкавання новага года, то павіншаваць і ўручыць падарункі маленькім прыйшоў Дзед Мароз са Снягуркай. На заканчэнне імпрэзы дзяцей і дарослых чакаў салодкі пачастунак.
Варта дадаць, што на свята былі запрошаны таксама дзеці са шматдзетных сем'яў, дзеці з асаблівасцямі развіцця, якімі апякуецца парафіяльны "Карытас". Таму свята дапамагло яшчэ лепш кожнаму адкрыць сваё сэрца на Хрыста, прысутнага ў нашых бліжніх, і стаць каляднай зоркай, якая вядзе да Бога.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч