Перыяд Адвэнту праляцеў хутка. І вось ужо вернікі нашай парафіі з розных куточкаў горада спяшаюцца на начную святочную Імшу-Пастэрку, як некалі ішлі пастушкі, каб пакланіцца нованароджанаму Збаўцу. Само слова "Пастэрка" і азначае "пастух".
З радасцю людзі ўваходзілі ў цудоўна ўпрыгожаную святыню, каб пакланіцца Хрысту, каб глыбока ў сваім сэрцы прызнаць менавіта Яго, Бога, Гаспадаром свайго жыцця. 
Пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд шчыра павіншаваў прысутных. І распавёў пра тое, як доўга думаў, што асаблівага хоча ў гэты момант сказаць Бог праз яго вусны. І зразумеў: неабходна, каб кожны ведаў, чаму Сын Божы прыйшоў на зямлю як маленькае беззабароннае дзіцятка. Для таго, каб кожны чалавек у свеце, нават самы бедны і пакінуты, не баяўся прыйсці да Бога, бо Ён спачувае кожнаму і любіць яго настолькі, што ахвяраваў Свайго Адзінароднага Сына. "Я магу даць толькі самога сябе", − кажа нам Хрыстус праз святара.
Ксёндз Станіслаў пажадаў, каб кожны вернік зразумеў, наколькі Бог любіць Яго, і аддудзячыў узаемнай любоўю да Бога, а таксама свайго бліжняга.
У гэтую ноч гучалі таксама словы віншаванняў ксяндзу Адаму Квяткоўскаму, які адзначыў 50 гадоў жыцця. А на наступны дзень дзеці, якія хадзілі на Рараты, атрымалі падарункі. Так распачалося святкаванне Божага Нараджэння ў нашай парафіі. 
 
Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч