У дні святкавання Раства Хрыстова ў нашых сем'ях гучыць шмат добрых словаў віншаванняў і пажаданняў. Парафія - гэта адна вялікая сям'я, і таму з радасцю віншуем адзін аднаго.
 
 
 
 
Ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі: Віншую ўсіх парафіянаў з Божым Нараджэннем!
Жадаю ўзросту веры, святасці сем'яў. Каб не баяліся сведчыць аб сваёй веры ўсюды, дзе мы ёсць: сваім блізкім, на месцах працы, памятаючы, што Бог, які нараджаецца ў сэрцах людзей, − гэта вялікая сіла, якая перамагае ўсе цяжкасці, усе цярпенні. Няхай давер Богу адновіцца падчас перажывання свята Божага Нараджэння - сабе і кожнаму жадаю!
 
 
Сятра Антаніна Багдановіч: Урачыстасць Божага Нараджэння напаўняе нас удзячнасцю і запрашае да роздуму. Езус прыйшоу, каб быць з намі... Хацелася б пажадаць кожнаму адчування Яго прысутнасці ў нашым штодзённым жыцці. Няхай Бог і Яго Любоў будзе натхненнем і сэнсам нашых думак, словаў і ўчынкаў.
 
 
 
 
 
 
Алег Піртань: Перыяд Адвэнту, асабіста для мяне, з'яўляецца тым асаблівым часам чакання, які дае духоўны пасілак, напаўняючы жыццё радасцю добрай весткі. Дух захоплівае ад усведамлення таго, што Бог ужо ў час стварэння сусвету ведаў, што гэта падзея абавязкова адбудзецца. У Старым Запавеце змешчана больш за 300 прароцтваў аб Месіі, якія спраўдзіліся ў Хрысце. 
"Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло (...). Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам (Іс. 62,11). 
Хачу пажадаць усім, асаблівым чынам тым, хто знаходзіцца ў смутку, адзіноце, дэпрэсіі, адчуць радасць ад усведамлення Добрай весткі, якая датычыцца кожнага чалавека. 
"Я - уваскрэсенне і жыццё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, - ажыве; і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вавекі" (Паводле Яна 11:25, 26).
Нарадзіўся Езус! Нарадзіўся Сын Бога! Ён гатовы стаць Збаўцам для КОЖНАГА З НАС. 
 
 
Наталля Станкевіч: Паважаныя святары, законныя сёстры і парафіяне! 
Шчыра віншую ўсіх вас з Раством Хрыстовым! 
Кажуць, што ў гэтую ноч павінны адбывацца цуды. Так і ёсць: міласэрны Бог спасылае нам Свайго Сына! Хай ад гэтай навіны душа поўніцца цеплынёй ды радасцю. І няхай гэтае пачуццё памнажаецца, запальваючы душы іншых людзей.
 
 
Яўген Кажаронак: Паважаныя сябры! Віншую вас з Калядамі! Жадаю, каб добры Бог адорваў вас ласкамі, каб вы знайшлі супакой і давер у Ім, а таксама жадаю як мага бліжэй наблізіцца да Бога! Са святам, дарагія католікі!
 
 
 
 
 
 
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч