Вігілійная вячэра распачынаецца ўвечары 24 снежня пасля з’яўлення на небе першай зоркі. У Беларусі згодна з даўняй традыяцыяй на стол падаюцца посныя стравы, а мясныя пажадана спажываць толькі на наступны дзень ці пасля вяртання з начной Імшы − Пастэркі. Рацэптамі страваў да святочнага стала з намі дзеляцца маладыя гаспадыні нашай парафіі.
 
Звычайна на вігілію гаспадыні гатавалі да 12 страваў — іх лік сімвалізуе апосталаў, якія першымі спажылі галоўную Страву нашага жыцця — Цела і Кроў Езуса. На стол кладуць сена ці салому ў знак таго, што Езус прыйшоў на свет у хляве, дзе стаяла скаціна. Белы абрус сімвалізуе чысціню алтара, на якім Езус кожны дзень прыносіць нам сябе ў бяскроўную ахвяру. Пасля малітвы і чытання (пажадана бацькам сям'і ці старэйшай асобай) тэкста з Евангелля, які распавядае пра нараджэнне Хрыста, усе дзеляцца асвечанай аплаткай і віншуюць адзін аднаго са святам.
У адрозненне ад велікодных святаў, у беларусаў вігілія мела падкрэслена сямейны, закрыты характар. Аднак лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста. Адсюль і традыцыя – ставіць на стол дадатковую талерку.
 
Асноўнымі кампанентамі вігілійных страваў лічыліся пшаніца, мак і мёд, сімвалы дастатку і пладавітасці. Адной  з галоўных страваў была куцця, у гонар якой называлася і ўся вячэра. У нашай сям’і – гэта абавязковая страва на вігілію. Гатуем мы яе з пярловай крупы, дадаём туды мёд, мак, разынкі, дробна парэзаныя чарнасліў і курагу. 
 
Іншымі парадамі і рацэптамі на вігілію з намі падзеляцца верніцы нашай парафіі.
 
Агата Бараноўская:
Вігілійны вечар у нас заўсёды пачынаецца на кухні. З сям'і (хто мае талент да гатавання) – разам з мамай на кухні, а астатнія дапамагаюць, але заўсёды гэты вечар рыхтуем разам. Калядкі граюць зраніцы, беларускія і польскія. Таксама і стравы − з польскай і беларускай кухні. Іх заўсёды 12 і палову з іх часта робім як аснову на заўтрашні святочны стол з мясам. Напрыклад салат «аліўе» робім без мяса, а назаўтра туды дадаем каўбасу альбо мясо кураняці. Галоўнае не правесці на кухні цэлы дзень, не рабіць многа ежы, каб не змарнаваць ані часу, які можна правесці з сям'ёй, ані ежы, якая павінна быць простай і поснай, як і сама сціплая таямніцца нараджэння Езуса.
 
Пасля пастэркі адразу не спім у святую ноч, спяваем Калядкі, п’ём гарбату з карыцай і частуемся макоўцам.
А на вігілійным стале ў нас звычайна: салаты, канапкі, яйкі з начынкай з грыбоў і зеляніны, бульба, бліны з крабавымі палачкамі і. г.д. Боршч − гэта асноўная страва на нашым вігілійным стале, вушкі для яго гатуем раней за дзень, бо сям'я вялікая і трэба многа іх наляпіць (у мамы нас пяцёра і большасць ужо мае сваіх дзяцей). Вушкі з начынкай кіслай капусты, свежай капусты і грыбоў. Сам боршч варым на бурачках. Таксама робім вушкі толькі з грыбамі: яны падаюцца як самастойная страва з цыбуляй і маслам. На гарачую страву, як асноўную, заўсёды рыба па-грэцку, гэта ўжо для нас традыцыя, сама рыба для яе недарагая і выкананне простае, не займае многа часу. Гэтым рацэптам і падзялюся з вамі.
 
Неабходна ўзяць марскую рыбу путасу. Чысцім, рэжам на кавалкі, пасля на патэльні смажым з прыправамі, якія любім, пакуль не пачнуць адставаць косткі ад кавалкаў, пасля выбіраем толькі кавалкі без костак. Цэбулю трэба пакраіць паўкольцамі, моркву сцерці на крупнай тарцы. Пасля цэбулю і моркву падсмажыць на алеі. У форму для духоўкі выкладваем слаямі: рыба, цыбуля, морква і змазаць маянэзам, пасля зноў рыба, цыбуля, морква, маянэз. Накрыць патэльню ці форму і ў духоўку на 30 хвілін (180 С).
 
Ірына Гайдамовіч:
Звычайна на вігілійную вячэру мы гатуем селядзец «пад шубай», запякаем карпа, варым кісель, робім рознастайныя грыбныя стравы: смажым іх, суп ці запекаем. Падзялюся з вамі рацэптам запечаных фаршыраваных шампіньёнаў.
Неабходна ўзяць шампіньёны большага памеру, адрэзаць у іх ножкі і дробна парэзаць. Асобна нашынкаваць цыбулю, морку сціраем на буйной тарцы і разам з парэзанымі ножкамі грыбоў абсмажываем на патэльні. Крыху пасаліць. Пасля гэтым напаўняем капелюшы грыбоў. Выкладваем на процівень, пасыпаем цёртым сырам і выпякаем у духоўцы 15-20 хвілін.
 
 
Анжаліка Пілат:
Перадкалядны вечар заўсёды ў нашым доме напоўнены незвычайнай атмасферай. Нягледзячы на пэўную заклапочанасць і прыгатаванні да вігілійнай вячэры, усіх перапаўняе ўзрушанасць, чаканне цуда. А ці ж нараджэнне Хрыста – гэта не сапраўдны цуд?
 
Ужо на працягу доўгага часу за прыгатаванне ежы адказваю я. Гатую проста, але стараюся дагадзіць кожнаму. Люблю гатаваць простыя салаты. Некалькімі рацэптамі хачу падзяліцца з вамі. Сакрэту вялікага няма, усё проста. А галоўнае – не бойцеся эксперыментаваць.
 
Напрыклад: вараная бульба, морква і яйкі, гарошак, марынаваны агурок, а далей, як хто любіць. Я дадаю цыбулю, можна дадаць свежы яблык. Запраўка простая: маянэз і крыху гарчыцы (можна і без яе). Замест маянэзу можна дадаць алей, але ў такім выпадку не раю дадаваць яблык.
 
Ці яшчэ адзін салацік: сыр, гарошак, цыбуля (можна і без яе), яйкі і маянэз.
 
Традыцыйна я запякаю карпа. Падрыхтоўваю рыбу: чышчу, мыю. Далей прыпраўляю: соллю, прыправай для рыбы, люблю дадаць сушаны кроп, пятрушку, асаблівую пекантнасць, на мой густ, дадае часнок. Калі ёсць такая магчымасць, то даю рыбе памарынавацца. Смажу моркву і цыбулю і кладу ў сярэдзіну рыбы. Змяшчаю карпа ў рукаў для запякання (асабіста я люблю запякаць у рукаве) і запякаю пры тэмпературы 180 градусаў на працягу 50-70 хвілін (у залежнасці ад памеру рыбы). За 10 хвілін разразаю рукаў, каб карп зарумянеў. 
 
Няхай вігілійная вячэра будзе смачнай, а гатаванне яе не адбярэ ў вас усіх сілаў, якія варта пакінуць на шчырае перажыванне Пастэркі. Няхай ваш дом напоўніцца не толькі водарам смачных страваў, але перш за ўсё радасцю Божага Нараджэння!
 
Падрыхтавала
спадарыня
Святлана Жылевіч