У мінулую нядзелю касцёльная супольнасць пры фінансавай падтрымцы партнёраў з чэшскага “Карытаса” арганізавала для юных парафіян маленькія Калядкі.
Гасцей прыйшло менш, чым чакалі арганізатары. Напэўна, хлопчыкаў і дзяўчынак напалохаў моцны і нязвыклы яшчэ мароз. Але свята прайшло весела. Прысутных дзяцей і дарослых павіншаваў з Божым Нараджэннем ксёндз пробашч Станіслаў, пасля чаго  на імправізаванай сцэне разгарнулася дзейства, якое расказвала пра нараджэнне Езуса, пра пастушкоў і валхвоў, якія прыйшлі яму пакланіцца, і злога Ірада, загадаўшага забіць усіх немаўлят. П’есу паставілі  дзеці старэйшага ўзросту, а рэжысёрам выступіла сястра-эўхарыстка Таццяна.
Потым усе разам паспявалі  “Калядкі”, дзе запяваламі былі юныя салісткі, выхаванкі арганісткі Іны Сапун, а таксама юнакі з ансамбля “Крылы ангела”.
І па традыцыі канцэрт прадоўжылі  самі гледачы. Яны чыталі вершы, спявалі песні, выступіў амаль кожны і атрымаў за  нумар у імправізаваным канцэрце мяккую цацку.
Дзятва з задавальненнем удзельнічала ў забавах, а нагуляўшыся і навесяліўшыся  пачаставалася  прысмакамі за салодкім сталом.
 
тэкст: Тамара Пашкевіч
фота: Ірына Гайдамовіч