27 снежня Каталіцкі Касцёл адзначае свята Святой Сям’і. З гэтай нагоды ў нашай парафіі адбылася Імша ў інтэнцыі сем’яў, а таксама аплатковая сустрэча ў радасці.
На святой Імшы а 11-й гадзіне вернікі маліліся за ўсе беларускія сем’і і кожную сям’ю паасобку. Як падзяку за жыццё кожнага чалавека, за ўсе радасці і праблемы сем’і парафіі прынеслі да алтара дары.
У гамілііі пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд падкрэсліў, што сучасным сем’ям трэба не пераставаць браць прыклад са Святой Сям’і. А гэта значыць ва ўсім неабходна давярацца Богу і ставіць на першае месца толькі духоўнае жыццё. Важна таксама памятаць пра абяцанні, якія сужонкі даюць адно аднаму ў шлюбе, а таксама Богу падчас сакрамэнту хросту сваіх дзяцей. 
Імша завяршылася малітвай св. Яна Паўла ІІ за сем’і, а таксама благаслаўленнем рэліквіямі святога, якія з гэтага дня будуць захоўвацца ў нашым касцёле. Святочны настрой падтрымаў калядны канцэрт, у якім пасля Імшы выступілі дзеці і моладзь парафіі.
А ўвечары сем’ям прапанавалі сустрэцца ў больш нефармальнай абстаноўцы, каб бліжэй пазнаёміцца адно адным, прысвяціць нядзельны вечар сваім дзецям. Сем’і падзяліліся аплаткамі і пажаданнямі, а пасля ўжо бавілі час ў гутарцы і вясёлых танцах, якія правялі кл. Яўген і с. Таццяна (за што ім вялікі дзякуй). Пробашч парафіі прапанаваў таксама праводзіць рэгулярныя (раз на два месяцы) сустрэчы для сужонкаў, на якіх бы абмяркоўваліся надзённыя праблемы. Магчыма, першая такая сустрэча пройдзе ў перыяд Вялікага посту. 
 
тэкст: Святлана Жылевіч
фота: Ірына Гайдамовіч і с.Таццяна Гмыза