Свята Божага Нараджэння… Яно заўсёды непаўторнае, нясе ў нашыя душы асаблівую радасць і спакой. 
“Анёлы спяваюць, дзіва абвяшчаюць” – словы, якія гучаць у сэрцы кожнага, хто ўздымаўся па прыступках да галоўнага ўваходу ў касцёл. Постаці ззяючых анёлаў сустракалі вернікаў, якія спяшаліся на Святую Імшу апоўначы.
У цішы і змроку праз касцёл  да алтара ішлі  містранты і святары, трымаючы ў руках  фігурку маленькага Езуса. Усе, хто прыйшоў на Святую Імшу, слухалі перадгісторыю Нараджэння Сына Божага. Вось засвяцілася Бэтлеемская зорка, якая абвясціла аб тым, што на Зямлю прыйшоў Збавіцель. Больш за дзве  тысячы гадоў таму Дзева Марыя нарадзіла Дзіця і паклала яго ў стаенцы ў жолабе. Сімвалічнае паўтарэнне гэтага моманту адбылося і ў нашым касцеле. Ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд паклаў фігурку Езуса ў яслі. Гучны і  ўзнёслы спеў “Хвала на вышынях Богу” напоўніў касцёл незвычайнай радасцю сустрэчы з нованароджаным Сынам Божым. 
Мова, на якой размаўляе Бог, - гэта мова любові. Да такой высновы прыйшоў кожны, хто ўважліва слухаў і разважаў гамілію святара. Гнеў і нянавісць ў нашым жыцці  павінны саступіць месца любові.
На заканчэнне Святой Імшы  Ксёндз пробашч склаў сардэчныя віншаванні парафіянам з нагоды Свята Божага Нараджэння, пажадаў радасці, якой неабходна дзяліцца з іншым чалавекам, а таксама надзеі на тое, што кожны дзень можа быць лепшым. Святар шчыра падзякаваў усім, хто пэўным чынам прымаў удзел ў падрыхтоўцы святкавання Нараджэння Хрыста. 
 
Ірына Шыдлоўская
фота Ірына Гайдамовіч