Божае Нараджэнне…час радасці, супакою і любові. Час, калі людзі прабачаюць адзін аднаму ўсе крыўды, калі робяць дабро. Езус прыходзіць у нашыя сэрцы, у нашыя дамы, кожны чакае цуда ў гэты дзень…Але акрамя гэтых момантаў нельга амінуць Пастэрку! 
Святая Імша а поўначы…Менавіта ў дзень Божага Нараджэння вернікі спяшаюцца ў касцёл, каб сустрэцца з нованароджаным Езусам. Прыняць Яго ў сваё сэрца, перадаць  навіну аб нараджэнні  Збаўцы свайму бліжняму, перажыць гэты цуд Божага Нараджэння ў парафіяльнай супольнасці. Так і ў гэтым годзе вернікі нашай Браслаўскай парафіі і яе госці разам перажывалі радасць Божага Нараджэння на св. Імшы, якую цэлебаваў пробашч кс. Антоні Земба. Урачыстая св.Імша распачалася працэсіяй, пад час якой немаўлятка Езуса ўнеслі ў касцёл і паклалі ў яселькі. Бог нарадзіўся! Ён з’явіўся на свет і стаў чалавекам, каб збавіць нас, каб даць нам свабоду, атуліў сваёй любоўю і супакоем. І заспявалі гучным хорам усе прысутныя ў касцеле Калядныя песні. Хор Браслаўскай парафіі пад кіраўніцтвам Інны Сапун упрыгожваў св.Імшу. Вялікая колькасць людзей ў гэтую Святую Ноч узносілі свае малітвы просьбы і падзякі да Бога! Аддавалі чэсць Маці Божай Марыі і праз яе заступніцтва ў цішыні прасілі аб патрэбныя ласкі. Вельмі  шчырую і прыгожую навуку  пачулі парафіяне з вуснаў пробашча. Радасна было бачыць шмат дзяцей і моладзі на Пастэрцы, гэта значыць, што Браслаўская парафія жыве, што маладыя пераймаюць веру, перажываюць святы Божага Нараджэння па Божаму, з чыстым сэрца, з жывой верай і надзеяй. Нельга было не заўважыць і колькасць людзей, якія паядналіся з Езусам праз сакрамэнт споведзі і сёння  прымалі Яго ў сваё сэрца. На прыканцы св. Імшы кс.Антоній Земба павіншаваў усіх вернікаў прысутных і не прысутных у касцеле са Святам Божага Нараджэння, сказаў словы падзякі святарам, якія працуюць у нашай парафіі ксяндзу Станіславу і ксяндзу Лукашу, падзякаваў хору за цудоўны спеў і ўсім за прысутнасць на Пастэрцы, за дапамогу ў прыгатаванні  касцёла да Святаў. А так сама пажадаў Божага благаслаўлення і шчаслівых Святаў Божага Нараджэння.
 
Тэкст: Ірына Гайдамовіч
Фота: Вячаслаў Демітко, Ірына Гайдамовіч