Дарагія парафіяне і госці!
Вось і надышоў час, калі мы, як штогод, сваім родным, сябрам і знаёмым шлём святочныя пажаданні.
 
Жадаючы здароўя і дабрабыту, спакою і шчасця, я хацеў бы дадаць словы, якія выплываюць з сэрца Евангелля. Святы Лука піша, што пастухі, якія былі ў полі са сваімі авечкамі, убачылі анёла і былі агорнуты святлом Божай хвалы. Яны вельмі напалохаліся, таму анёл спачатку звярнуўся да іх словамі: «Не бойцеся». 
Ужо гэты пачатак абвяшчэння Добрай Навіны вядзе нас у свет, па якім мы так сумуем, і ў той жа час часта ўцякаем у сваім жыцці, як пастухі.
 
«Бог ёсць Святло», – кажа св. Ян. Вельмі добра, што ёсць такое Святло, якое пранізвае кожную цемру, кожны куток свету і нашага жыцця. Цемра нас палохае. Мы баімся цемры хвароб, адзіноты, неспакою ў свеце, страты блізкіх, беднасці. Таму Хрыстус хоча нагадаць нам, што няма цемры, якую б Ён не прабіў святлом сваёй хвалы.
 
Няхай Божае Святло раз’ясняе ўсялякую цемру, прываблівае сваёй яскравасцю і прыгажосцю, аздараўляе і ўмацоўвае нас у веры, надзеі і любові. 
Мірнага, радаснага і благаславёнага Божага Нараджэння і дабрабыту ў новым 2023 годзе!
 
Ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS