Мае дарагія!
 
Перыяд, які пачынаецца ў Касцёле і называецца Адвэнтам (ад лац .: adventus — прыход), — гэта прыгожы літургічны час, змястоўны і багаты на мноства сімвалаў.
 
Перш за ўсё, гэта перыяд падрыхтоўкі да аднаго з найстаражытнейшых хрысціянскіх святаў, якім з’яўляецца Божае Нараджэнне. Гэта час суперажывання старазапаветнаму чалавецтву, якое з трывогай чакала Нараджэння Збаўцы, і час увагі да духоўнага вымярэння хрысціянскага жыцця, якое выяўляецца ў пастаяннай засяроджанасці і ў чаканні таго моманту, калі зноў прыйдзе ў славе Езус Хрыстус.
 
Падвойны характар Адвэнту падкрэслівае першая прадмова (І прэфацыя) ў словах: «Ён, пры першым сваім прыйсці з пакораю прыняўшы цела, выканаў Твой спрадвечны наказ і нам адкрыў шлях да вечнага збаўлення. Ён ізноў прыйдзе ў ззянні сваёй славы, каб даць нам абяцаныя дары, якіх мы ў чуванні з надзеяй чакаем». Хрысціянін з даверам чакае Езуса Хрыста, сустрэчы з Ім. Ён заўсёды напагатове, заўсёды пільны, заўсёды чуйны да свайго граху.
 
 
Запрашаю вас прыняць удзел у Раратах, якія выяўляюць гэты аспект пільнасці, прысутнай у хрысціянскім жыцці. Заахвочваю таксама змясціць у доме адвэнтавы вянок — няхай запаленыя свечкі нагадваюць пра надыход Божага Нараджэння. Гэта будзе знакам нашай веры і таго, што мы не гонімся за рэчамі, якія навязвае свет, а ўпісваем сваё жыццё ў традыцыі Касцёла. Аб гэтым будуць сведчыць і наш удзел у адвэнтавых рэкалекцыях, і перадкаляднае прыняцце сакрамэнту паяднання, і падрыхтоўка сена і аблатак для каляднага стала, за якім будзем дзяліцца духам еднасці і прабачэння з блізкімі. Важным элементам падрыхтоўкі да святаў стане таксама ўстаноўка Бэтлеемскіх ясляў і каляднай ёлкі як шматзначнага сімвала Божага Нараджэння. І не будзем забывацца пра тых, хто ў гэты час знаходзіцца ў розных жыццёвых патрэбах.
 
Папросім Маці Божую Беззаганнага Зачацця, якая вучыць нас маліцца з даверам і якая, у маўчанні і з глыбокай пашанай разважаючы над вялікімі таямніцамі веры, дапамагае нам быць цярплівымі, каб у канцы нашага Адвэнту — чакання сустрэчы з Панам — мы змаглі сказаць, як святы Павел: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які ў той дзень дасць мне Пан, справядлівы Суддзя. І не толькі мне, але ўсім, хто палюбіў Яго аб’яўленне» (2 Цім. 4,7-8).
 
Жадаю вам благаслаўлёных пладоў перажывання сёлетняга Адвэнту.
З павагай у Хрысце Збаўцы,
 
Ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS