У суботу 19 снежня ў нашу святыню ўпершыню прыбыў Бэтлеемскі агонь. Традыцыя распаўсюджвання агню па краінах свету пачалася з 1986 г., у Беларусь агонь з Бэтлеема дастаўляюць з 2008 года.
 
Гісторыя акцыі з Бэтлеемскім агнём распачалася ў 1986 годзе, калі прадстаўнікі Аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ўпершыню прынеслі сімвалічнае святло Божага Нараджэння тым, хто не мог раздзяліць гэтую радасць з блізкімі людзьмі. Гэтай ініцыятывай зацікавіліся аўстрыйскія скаўты. Праз год яны далучыліся да акцыі, а яшчэ праз два зрабілі яе міжнароднай. 
 
З 1986 года агонь ад алейнай лямпы, якая вісіць у Бэтлеемскім гроце над срэбнай зоркай, што адзначае месца нараджэння Езуса, у Верхняй Аўстрыі запальвала дзіця, якое вылучалася не толькі добрай вучобай, але і грамадскай актыўнасцю. Паколькі сёлета ўмовы не дазволілі наведаць Святую Зямлю дзіцяці з Аўстрыі, агонь запаліла дзевяцігадовая палестынка Марыя Хоўры з Бэтлеема.
 
Святло Бэтлеемскага агню, якое сімвалізуе супакой, надзею і згоду, дзякуючы еднасці моладзі розных краін пераадольвае значныя адлегласці і прыходзіць да тых, хто яго чакае. Таму варта ўзяць гэты агонь дадому, яшчэ раз нагадаць сабе і сваім блізкім пра надыходзячае свята Божага Нараджэння. 
 
Інфармацыя ўзята з каталіцкіх інтэрнэт-рэсурсаў