Раніцай 30 лістапада ў нашай парафіяльнай супольнасці адбылася першая раратняя святая Імша ў гэтым годзе. Прыемнай нечаканасцю стаў удзел у ёй пастыра Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча.
 
Біскуп прывітаў усіх прысутных парафіянаў, асабліва маленькіх дзетак, якія пажадалі пачаць свой дзень з удзелу ў святой Імшы.
 
У гаміліі біскуп Алег, звяртаючыся да тэксту чытання урыўку з Кнігі прарока Ісаі, нагадаў, што прабыванне з Богам дае мір і супакой: "і перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць" (пар. Ісая 2, 4). А таксама адзначыў, што калі будзем жыць з Богам, у нашым жыцці магчымы цуды. 
 
Біскуп пажадаў прысутным вытрымкі ў перажыванні Адвэнту і каб удзел у раратніх Імшах навучыў нас па прыкладзе Марыі згаджацца на Божую волю ў сваім жыцці.
 
Напрыканцы Імшы дзеці атрымалі заданне і першыя часткі мазаікі, якую можна будзе сабраць, удзельнічаючы ва ўсіх раратніх Імшах. Адбываюцца святыя Імшы па панядзелках, серадах і пятніцах і распачынаюцца ў 06.45.
 
Святлана Жылевіч