У апошнія дні перад святам Божага Нараджэння (з 21 па 23 снежня) у нашай парафіі праходзілі адвэнтавыя рэкалекцыі. Праводзіў іх ксёндз Віктар Місевіч, які разам з вернікамі маліўся і разважаў над узаемаадносінамі Бога і чалавека, над Божай міласэрнасцю і важнасцю сакрамэнту пакаяння.
 
Час рэкалекцый ‒ гэта заўсёды добрая магчымасць спыніцца ў штодзённай мітусні, і сярод мноства справаў у падрыхтоўцы да Божага Нараджэння засяродзіцца над галоўным ‒ асабістымі адносінамі з Богам і бліжнімі. Таму важнай часткай рэкалекцый з’язляецца сакрамэнт споведзі, які дапамагае ўсвядоміць грэх і нанава распачаць жыццё з Богам.
 
У першы дзень рэкалекцый  чытанне ў літургіі слова было ўзята з песняў Саламона: вясельны тэкст распавядаў не толькі пра жаніха і нявесту, але меў на ўвазе і вобразы Хрыста і Касцёла. Хрыстус, як жаніх, шукае і любіць сваю нявесту ‒ Касцёл, а значыць кожнага з нас. У чалавека ж заўсёды ёсць выбар, як учыніць: не паслухацца, як гэта зрабіла Ева ў раі, ці адказаць Богу «так» як Марыя.
 
«Дарагія браты і сёстры! На гэтых рэкалекцыях молімся, каб у нас была смеласць і жаданне прыняць Найсвяцейшую Беззаганную Марыю, якая прыносіць нам Хрыста, гэты нябесны падарунак, Божага Сына. Каб мы з вамі духоўна перамяніліся і мелі шмат добрых пладоў з гэтых рэкалекцый, і каб у гэтай духоўнай перамене ўсе былі шчаслівыя», ‒ заахвоціў ксёндз Віктар.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч