Часта падкрэсліваецца, што Адвэнт з’яўляецца часам РАДАСНАГА чакання ў супрацьпастаўленні, напрыклад, з Вялікім пастом, які з’яўляецца часам сумнага чакання. І нібы ў гэтым ёсць рацыя, але так думаю, што для адных Адвэнт ‒ быў і ёсць часам радаснага чакання, а для іншых вельмі сумнага, а для кагосьці балеснага і радаснага адначасова.
 
Ірад напэўна не чакаў з радасцю нараджэння Месіі. А вось Сімяон ‒ так. Я ўпэўнены, што ў кожным з нас ‒ калі шчыра перажываем Адвэнт ‒ ёсць крыху радаснага чакання, як у Сімяона, і крыху страху, як у Ірада. Калі насамрэч ведаем, што азначае прыйсце Хрыста, то можам крыху засумаваць, што цяпер неабходна навярнуцца з нашых узлюбленых грахоў, адаць крыху сваёй улады і волі Богу. Няма выхаду: трэба апынуцца пад моцнай рукой Яна Хрысціцеля, які б у нас зрабіў простымі сцежкі для Пана. Гэта вельмі карысна, але страшна непрыемна і разбурае вобраз ідылічнага Адвэнту. Ці Адвэнт будзе для нас радасным ці смутным, ці будзе напоўнены страхам Ірада, ‒ залежыць ад нас. Адны радуюцца прыйсцю Пана, другія з гэтай прычыны сумуюць, а большасць з нас да гэтай справы настолькі абыякавыя, што няма пра што і казаць. 
 
Часта можна таксама пачуць, што паколькі Адвэнт ‒ гэта час радаснага чакання, то тут не патрэбны ніякія абмежаванні. Я не магу з гэтым пагадзіцца, а думаю, што падчас Адвэнту мы павінны прыняць якія-небудзь пастановы, нават калі яны здаюцца звычайнымі і простымі. Калі камусьці цяжка даецца адмаўленне ад слодычаў ‒ цудоўна, але нават калі адмаўленне ад чагосьці даецца вам лёгка, гэта гарантуе, што калі толькі прымеце такую пастанову на больш працяглы час, з’явіцца хоць бы адна сітуацыя, калі вам будзе цяжка выстаяць.
 
Акрамя таго, такія постаці Адвэнту, як Ян Хрысціцель і прарочыцца Ганна ўсё ж асацыіруюцца ў нас з пэўнымі абмежаваннямі ў практыкаванні веры, хоць для іх чаканне прыйсця Месіі было вельмі радасным. Адрачэнні  (пастановы) – дзіцячыя, не дзіцячыя – не важна, галоўнае, што канкрэтныя; яны важная частка Адвэнту. 
 
Тое, што Адвэнт – час радаснага чакання не азначае па-дурному бесклапотнага перажывання. А мне так здаецца, што вельмі часта сёння мы чуем заахвочванне да таго, каб радасць Адвэнту замяніць у бесклапотную несвядомасць нашых грахоў. Праблема ў тым, што калі будзем успрымаць Адвэнт менавіта так, то ніколі не адчуем патрэбы і неабходнасці прыйсця Збаўцы. Значыць ніколі не адчуем палёгкі і радасці, звязаных з Яго прыйсцем.
 
Прызнаемся сабе шчыра: звычайна Адвэнт ‒ гэта для нас не столькі час чакання прыйсця Пана, колькі чакання свята Божага Нараджэння; і часам не можам адно ад другога аддзяліць. Неабходна задаць сабе пытанне пасля завяршэння Адвэнту: ці мае духоўныя намаганні і зацікаўленасць, якую праявіў, чакаючы прыйсця Пана на працягу гэтых чатырох тыдняў, былі раўназначнымі тым высілкам, якія праявіў ў падрыхтоўцы свята (напэўна, разумееце пра што кажу: пра падарункі, прыборку, пакупкі, прыгатаванне ежы). Ці перадсвяточная споведзь была гэтак жа добра падрыхтавана, як вігілійны стол?
 
Чаканне мае на ўвазе, што альбо робім справы, якіх ніколі б не зрабілі, калі б не чаклі, ці робім іх інакш. Сяджу і чакаю цягнік. І адначасова чытаю кнігу. Калі хтосьці прыйдзе і спытае: «Што робіш?», адкажу: «Чакаю цягнік». Чытанне кнігі падпарадкавана чаканню. Калі б не чакаў, то не чытаў бы, альбо чытаў інакш, напрыклад, у больш зручных умовах, у фатэлі. Так і з чаканне Пана. Яно павінна зрабіць так, што робім пэўныя дзеянні альбо робім іх інакш, чым раней. Калі ў сярэдзіне Адвэнту спытаю  самога сябе: «Што робіш?», ці змагу адказаць: «Чакаю прыйсце Пана і таму раблю такія справы такім і такім чынам»? Ці сапраўды чаканне пакідае свой след на ўсё, што раблю?
 
Чакаць ‒ азначае таксама пастаянна звяртаць увагу на час, вельмі старанна яго адлічваць. У людскім вопыце чакання, мы кажам, што час цягнецца павольней. Час запавольваецца, калі чакаю цягнік, і немагчыма, каб гадзіна часу на чыгунцы прайшла незаўважна. У Адвэнце гэтак жа. Мастацтва Адвэнту – гэта мастацтва адліку часу: з дапамогай адвэнтавага календара з шакаладкамі ці раратняга вянка, альбо праз колькасць раратаў, якія ўжо перажылі і якія яшчэ наперадзе. Адвэнт ‒ гэта канцэнтрацыя на часе. І варта памятаць, што Адвэнт ‒ гэта таксама час чакання Парузіі ‒ другога прыйсця Пана. Такое простае пытанне: ці сапраўды я хацеў бы сустрэцца з Хрыстом, які ўжо сёння прыйдзе судзіць жывых і памерлых? Як хутка здолеў бы сабрацца ў шлях да вечнасці?
 
Ці Адвэнт будзе для нас часам радаснага чакання ці бесклапотнай тратай часу ў чаканні свята ‒ залежыць ад нас. Калі ж абяром для сябе бесклапотна праведзены час чакання, то чакае нас пачаццё бессэнсоўна перажытага свята. Мы несвядома ўспрымаем гэтае пачуццё па формуле: «Святы, святы і пасля святаў». Калі разумеем значэнне гэтай фразы з уласнага вопыту, значыць ужо перажывалі Адвэнт не ў радасным чаканні, але як баўленне часу ў чаканні свята.
 
Ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS,
пробашч парафіі