Вось і завяршаецца літургічны год. 2 снежня Каталіцкі Касцёл распачне Адвэнт ‒ перыяд духоўнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Нагадаем пра яго сутнасць і асаблівасці.
 
Адвэнт ‒ гэта не пост
 
Пад часам посту ў «народным» значэнні прынята разумець тое, што ў Касцёле называюць пакаяльнымі днямі або перыядамі. Такімі днямі і перыядамі сумеснага пакаяння з’яўляюцца ўсе пятніцы года і Вялікі пост, але не Адвэнт (пар. Кодэкс кананічнага права, кан. 1249). «… Адвэнт з’яўляецца перыядам пабожнага і радаснага чакання» («Агульныя нормы літургічнага года і календара», 1969 г.). 
 
Прадпісаных абмежаванняў для Паўсюднага Касцёла, якія б былі выключнымі для гэтага перыяду, няма. Аднак, пад уплывам даўнейшых прадпісанняў, візантыйскага абраду і ўласнай пабожнасці, у Беларусі захавалася традыцыя накладаць на сябе абмежаванні ў гэтыя дні. Вернікі робяць пастановы, якія могуць мець характар дабравольна выбранага абмежавання ў нейкай сферы.
 
Прадпісанага адмысловага для гэтага перыяду ўстрымання ад некаторых страў або абмежавання ў колькасці ежы, якая спажываецца, таксама няма. Так, як і на працягу ўсяго года, абавязковым з’яўляецца ўстрыманне ад мяса ў пятніцы для тых, хто дасягнуў 14-ці гадовага ўзросту, калі на пятніцу не прыпадае касцёльная ўрачыстасць. Пост — гэта абмежаванне ў колькасці ежы, устрыманне — абмежаванне ў спажыванні пэўнай ежы. Устрыманне ад мяса, а на некаторых тэрыторыях — пост, у пярэдадзень Божага Нараджэння з’яўляцца мясцовым пабожным звычаем. Калі ў нейкім асяроддзі прынята захоўваць пост або ўстрыманне ад мяса, то варта захаваць такі звычай, выражаючы пашану да традыцый продкаў. 
 
Традыцыі Адвэнту
 
Адвэнтавы вянок, маючы круглую форму, азначае еднасць сям’і: мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей, еднасць парафіі і г.д. Чатыры свечкі ў такім вянку — чатыры нядзелі Адвэнту. 
 
Раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Звычайна гэтая літургія цэлебруецца на світанні. Распачынаецца яна працэсіяй з лампадкамі, і толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу...» ва ўсім касцёле запальваецца святло. У нашай парафіі такія Імшы будуць праходзіць у панядзелак, сераду і пятніцу ў 6.45 раніцы.
 
Раратняя свечка — свечка, якая запальваецца падчас раратаў. Такая свечка з’яўляецца сімвалам Марыі, нашай ранішняй зоркі, з якой мы ідзём да Хрыста, сапраўднага святла.
 
Стаенка — нагадвае абставіны нараджэння Хрыста ў нястачы. Падчас Адвэнту ў стаенцы адсутнічае фігура Дзіцяці Езуса, якая змяшчаецца туды на саму ўрачыстасць Божага Нараджэння.
 
Усё гэта ‒ так бы мовіць знешняя абалонка Адвэнту. Традыцыі і сімвалы дапамагаюць вернікам засяродзіцца на галоўным ‒ тэме прыйсця Хрыста і Яго прабыванні ў нашым жыцці. А пра тое, як з большай духоўнай карысцю перажыць Адвэнт, чытайце ў матэрыяле «На парозе Адвэнту. Разважанні ксяндза пробашча».
 
Паводле матэрыялаў
Catholic.by