Адвэнт – гэта вельмі прыгожы перыяд літургічнага года. Ён багаты традыцыямі, якія можна выкарыстаць не толькі для ўласнага духоўнага развіцця, але і для з’яднання ўсіх членаў сям’і і духоўнага абагачэння кожнага, незалежна ад узросту. На гэты раз хачу падзяліцца вопытам складання Адвэнт-календара.

Напачатку хочацца нагадаць пра ўсе добрыя традыцыі гэтага перыяду чакання Божага Нараджэння. Асаблівым сімвалам Адвэнту ў дамах і святынях з'яўляецца адвэнтавы вянок. Ён робіцца з зялёных яловых ці сасновых галінак у форме круга, на якім размяшчаюць чатыры свечкі — сімвал чатырох нядзеляў Адвэнту. Запальванне свечак азначае чуванне і гатоўнасць да прыходу Хрыста.

Гэты вянок можа разам зрабіць уся сям’я: дапамагаць могуць нават маленькія дзеці. Падчас сумеснай працы будзе добрым распавесці дзецям пра Адвэнт, яго традыцыі, абмеркаваць, як плануеце з карысцю перажыць гэты час у вашай сям’і (напрыклад сумесна наведваць Рараты, праводзіць больш часу разам ці падрыхтаваць падарунак для сірот, самотнай бабулі-суседкі). Ну і канечне, запальваць свечкі на ім варта падчас сумеснай малітвы – калі дагэтуль яна не практыкавалася ў вашай сям’і, то будзе добрая нагода распачаць.

Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Звычайна цэлебруецца яна на світанні. З вялікай ахвотай у раратніх Імшах прымаюць удзел дзеці, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу...» ва ўсім касцёле запальваецца святло.

Думаю, што ўдзельнічаць у Раратах, асабліва калі яны ўвечары, могуць усе члены сям’і, нават з нуля гадоў. Зразумела, што больш свядомы ўдзел будзе прынамсі гадоў з пяці-шасці. Зацікавіць маленькіх можна прыгожай працэсіяй, падрыхтоўкай ці набыццём ліхтарыка, і канешне аповедам пра тое, як мы чакаем Дзень нараджэння Божага Сына. Для дзяцей школьнага ўзросту магчыма ўжо выкананне тых заданняў, якія ў нашай парафіі традыцыйна рыхтуюць сёстры законныя і святары.

Вельмі цікавая традыцыя, якая дапамагае ператварыць час Адвэнту ў сапраўднае чаканне — гэта перадкалядны каляндар. Звычай лічыць снежаньскія дні, якія застаюцца да Божага Нараджэння, і адзначаць кожны з іх маленькім падарункам ці неспадзеўкай з’явіўся шмат дзесяцігоддзяў таму. Гісторыя такіх календароў распачалася ў Еўропе у XVII ст.

Сёлета я ўпершыню паспрабавала зрабіць такі каляндар для свайго чатырохгадовага сына. У інтэрнэце вы зможаце знайсці шмат разнастайных фота, як такі каляндар можа выглядаць: у форме канвертаў, сцяжкоў, каробачак і інш. Сэнс у тым, каб зрабіць яго на колькасць дзён Адвэнту і на кожным дні змяшчаць заданне для дзіцяці, якое б дапамагло яму з карысцю падрыхтавацца да Божага нараджэння, альбо цытаты Святога Пісання. Часам можна спалучаць заданні з невялікімі падарункамі. Такі каляндар можна рабіць і для дзяцей-падлеткаў: думаю, усім будзе цікава прачнуцца раніцай і паглядзець, што ж там за заданне.

Я таксама думала, як яшчэ зацікавіць дзіця (акрамя саміх заданняў) і вырашыла, што за кожнае выкананае заданне сын атрымае невялікае папяровае сэрца, якое ён будзе збіраць у мех – падарунак для нованароджанага Езуса.

Не ведаю, як усё атрымаецца (Адвэнт яшчэ толькі распачнецца), але хачу падзяліцца з вамі прыкладам заданняў у нашым Адвэнт-календары для дашкольнікаў:

•пачытаць пра традыцыі Адвэнту,
•пачытаць пра Божае Нараджэнне,
•пачытаць дзіцячую Біблію,
•паспяваць калядку (можа некалькі разоў),
•памаліцца ўсёй сям’ёй,
•схадзіць на Рараты,
•зрабіць кармушку для птушак,
•усёй сям’ёй пагуляць па лесе,
•адправіць віншавальныя паштоўкі,
•зрабіць паштоўкі родным,
•дазмаляваць карцінку пра Божае Нараджэнне,
•дапамагчы маме (тату, бабулі і іншым),
•скласці акуратна цацкі,
•паглядзець мультфільм пра Божае Нараджэнне (тут трэба адказна падыйсці да выбару),
•прыгатаваць разам печыва (для спажывання ці ўпрыгожвання ялінкі),
•упрыгожыць ялінку,
•дапамагчы накрыць вігілійны стол.

Па аналогіі вы самі зможаце прыдумаць заданні ў адпаведнасці з узростам дзіцяці. І памятайце, што ў Адвэнце (6 снежня) адзначаецца ўспамін святога Мікалая, а гэта добрая нагода распавесці пра святога, а дзецям знайсці ад яго невялічкія падаруначкі.

Дарагія мамы і таты! Няхай гэты Адвэнт будзе асаблівым для вас і вашых дзяцей! Дапамажыце ім пазнаёміцца з Езусам і напоўніце вашыя сем’і малітвай і ўзаемапаразуменнем! А традыцыі Адвэнту няхай вам у гэтым дапамогуць!


Святлана Жылевіч