З 18 па 20 снежня ў нашай парафіі праходзілі адвэнтавыя рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Анджэй Юхневіч ОМІ, пробашч парафіі ў Шуміліне. 
Гэты час быў напоўнены сустрэчамі рэкалекцыяніста з моладдзю, дзецьмі, навукамі для ўсіх вернікаў, а таксама для хворых, якія знаходзяцца ў бальніцы.
 
Святар прапанаваў вернікам паразважаць над глыбокім значэннем і неабходнасцю міласэрнасці, навучыцца якой можна ў самога Бога. Прыклады міласэрных учынкаў можна ўбачыць у Евангеллі, знойдзем іх і ў агульным Катэхізісе: накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведваць хворых, суцяшаць вязняў, пахаваць памерлых – учынкі для цела; настаўляць грэшнікаў, вучыць тых, хто не ведае, раіць тым, хто сумняваецца, суцяшаць засмучаных, зносіць цярпліва знявагу, дараваць ахвотна крыўду, маліцца за жывых і памерлых – учынкі міласэрнасці для душы. 
 
«Быць міласэрным, − падкрэсліў кс. Анджэй, − не азначае быць мяккім. Наадварот: быць моцным, каб прабачыць іншаму чалавеку і ўзяць на сябе яго грэх». 
 
Напрыканцы разважанняў святар пажадаў браслаўскім вернікам адолець практыку міласэрнасці ў сваім жыцці, не быць абыякавымі да бедаў іншага чалавека. 
 
Адвэнт набліжае нас да Божага Нараджэння, і рэкалекцыі сталі добрай дапамогай для больш канкрэтнай падрыхтоўкі да гэтай падзеі.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
фота: Ірына Гайдамовіч