З 19 па 21 снежня у Браслаўскай парафіі адбыліся рэкалекцыі, якія праводзіў ксёндз Віктар Місевіч. У першы дзень разважалі над постаццю Яна Хрысціцеля.
Пра тое, што ў чалавечае жыццё Бог пасылае прарокаў, і з іх словаў можна зрзумець планы Божыя. Рэкалекцыяніст заклікаў задумацца аб пакліканні да святасці, а таксама пра простае жыццё паводле свайго паклікання. Кожнаму трэба адчуваць сваю ідэнтычнасць і вярнуцца да хрысціянскіх каранёў.
На другі дзень рэкалекцый разважалі аб вернасці свайму пакліканню кожны паводле свайго стану. Чалавек павінен безупынна навяртацца, а гэтаму спрыяе прабачэнне. Прабачаць мы павінны па-першае самаму сабе, іншаму чалавеку, а таксама гэта адносіцца да Бога. Крыўды не павінны кіраваць нашым жыццём.
У нядзелю разважалі над таямніцай нядзельнага дня. Быць у касцёле – гэта не толькі абавязак Божых і касцёльных наказаў, а перш за ўсё патрэба сэрца. Толькі ў касцеле мы можам прыступіць да споведз і сустрэць Езуса ў Эўхарыстыі. Гэта месца сустрэчы з жывым Богам. На святы кожны запрашае ў госці блізкіх і дарагіх яму людзей. Таксама і Езус запрашае нас да сябе на гасціну, на Святую Імшу. Праз удзел у Нябеснай гасціне мы вучымся жыць па нябеснаму. 
Падчас рэкалекцый была сустрэча с самымі маленькімі парафіянамі. Ксёндз Віктар тлумачыў што гэта за час рэкалекцый, навошта ён патрэбны. А таксама яшчэ раз прыгадаў, што трэба рабіць, каб падрыхтаваць сваё сэрца да сустрэчы з Нованароджанным Хрыстом. Дзеткі з ахвотай адказвалі на пытанні святара, а таксама разам спявалі песні.
Таксама была сустрэча рэкалікцыяніста з моладдзю. Падчас яе ксёндз тлумачыў, што рознымі спосабамі можна выражаць любоў і каханне да іншага чалавека і прадставіў маладым людзям 27 цікавых фотаздымка пра любоў ва ўсіх яе формах. Ксёндз Віктар Місевіч з'яўляецца галоўным рэдактарам дыяцэзіяльнай газеты «Каталіцкі веснік», таму абапіраючыся на мультымедычныя сродкі ён цікава правёў сустрэчу, закранаючы актуальныя праблемы сучаснага маладога чалавека. 
На працягу трох дзён праз рэкалекцыйную навуку і споведзь парафіяне рыхтавалі свае сэрцы да сустрэчы з Дзіцяткам Езус, Які неўзабаве прыйдзе.
 
Тэкст: Сястра Таццяна
Фота: Ірына Гайдамовіч