Сёння ў 19.00, ў нашай парафіяльнай супольнасці адбылася незвычайная падзея – мы сабраліся разам на Рараты — святыя Імшы у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі ў перыяд Адвэнту.
 
Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы: чым для высахлай зямлі з’яўляецца раса, тым Хрыстус для тых, хто Яго чакае.
 
Традыцыйна Рараты адбываюцца перад усходам сонца. Але каб даць магчымасць прыняць удзел і дарослым і маленькім парафіянам, Ксёндз Пробашч вырашыў гэтую адмысловаю падзею перанесці на вечар калі наступае змрок. У касцёле пагашана святло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі каб асвятляць змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае нам пра неабходнасць збірання на працягу ўсяго Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца.
 
Рараты асаблівым чынам нагадваюць нам пра Марыю, якая падобная да ранішняй зоркі, што апярэджвае ўсход сонца. Так і Марыя папярэдзіла прыход Езуса Хрыста — нашага Сонца і Святла ўсяго свету. Падчас гэтай Імшы Марыю - апякунку перадкаляднага чакання сімвалізуе дадаткова свечка, (зазвычай бела-галубога колеру з сімволікай марыйнай) - якая называецца раратняй. Найсвяцейшая Дзева з’яўляецца не толькі Апякункай чакання, але перш за ўсё прыкладам чакання і прыпадабнення Богу. Раратка — сімвал Марыі, якая сярод змроку граху нясе свету Хрыста, праўдзівае Святло.
 
Раратняя святая Імша якая засяроджвае нашу ўвагу на Панне Марыі ў часе Адвэнту мае сваё важнае значэнне: дачка Ізраэля, Маці Езуса і Маці Касцёла вучыць нас сапраўднаму чуванню перад прыйсцем Бога. Яна разам са старазапаветным народам чакала прышэсця Месіі. Пасля звеставання, як будучая маці, цярпліва чакала ўзрастання новага Жыцця, якое прыносіць у свет збаўленне. Сёння, узятая на нябёсы, Багародзіца чакае разам з усім Касцёлам на зямлі і на небе другога прыйсця Суддзі справядлівага, узмацняючы Касцёл сваім заступніцтвам і апекаю.
 
Рараты — гэта падзяка Найсвяцейшай Панне Марыі за яе згоду стаць Маці Збаўцы. Раратняя Імша з’яўляецца знакам асаблівай прысутнасці Марыі падчас Адвэнту, бо менавіта яна чакала Збаўцу так, як ніхто іншы. Перажывала яна гэты час чакання як дачка Ізраэля, як Маці Езуса і як Маці Касцёла.
 
Шчыра дзякуем усім за ўдзел! Няхай Марыя – атуляе усіх сваёй матчынай апекай!
 
 
Каб заахвоціць нашых маленькіх парафіянаў - дзяцей - да малітвы і добрых учынкаў напрыканцы кожнай Раратняй Св. Імшы адно дзіцяці выцягне сэрцайка (дзеці іх самі рабілі і падпісваліся) з кошыку, і чыё прозвішча напісана на сэрцайку, той і бярэ да дому, да наступнага дня Рарат іконку з выявай Маці Божай або фігурку Святой Сям’і, каб разам ў сямейным коле асаблівым чынам ушанаваць Божую і нашую Маці. На наступныя Рараткі вяртаюць выяву Маці Божай і такім жа чынам перадаюцца іншым дзецям.
А яшчэ ёсць зорачкі з заданнямі, зноў жа выцягнуўшы сэрцайка з прозвішчам, той дзіця здымае сэрцайка з заданнем, якое павінен выканаць да наступнага раза. 
Таксама каб заахвоціць і тым самым перамагчы нашую ляноту, раздаваліся карцінкі, на якія будуць збірацца наклейкі з кожнага дня Рарат.
 
 
Фота: Ірына Гайдамовіч