Св. Імшы у нашай парафіі
ў нядзелю - 8.30, 11.00, 15.00, 19.00
у бальнічнай капліцы ў 16.30

У абавязковыя святы, якія прыпадаюць у будні дзень, а гадзіне 11.00, 19.00
i ў бальнічнай капліцы ў 16.30

 
 
 
 
 
Мы - дзеці Твае,
Найсвяцейшая Панна Марыя.
Наш Браслаўскі край
Сваім Матчыным вокам акінь.
Мы просім Цябе
Да збаўлення дарогу адкрый нам.
 
Тэрэза Крумплеўская
 
Беларускае мястэчка немагчыма ўявіць сабе без храма - каталіцкага ці праваслаўнага, а часцей і таго і другога разам. Купалы і шпілі храмаў узвышаліся па-над местачковай забудовай, былі добрымі арыенцірамі для падарожных. Царква і касцёл фармавалі цэнтральную плошчу мястэчка і дзесьці непадалёку размяшчаліся яўрэйскія сінагогі, зазвычай малапрыкметныя ў забудове. 
Ці мелі хрысціяне браслаўцы свой храм на Замкавай гары ў XI-XIII стагоддзях невядома, аб гэтым не захавалася нават паданняў. Паданне пра язычніцкую святыню - капішча над возерам Святцо мы ўжо згадвалі. Першыя пісьмовыя згадкі пра каталіцкі касцёл і праваслаўную царкву ў Браславе адносяцца да пачатку XVст. Фундушавая грамата вялікага князя Аляксандра Браслаўскаму касцёлу ад 20 кастрычніка 1500г. утрымлівае вуснае сведчанне тагачаснага святара Венслава аб тым, што «воевода виленский, пан Монивид, дерижачи Браслав в отчизну, заложил церковь Матки Божи в месте Браславском” і, што “з Божего допущенья” фундушавыя дакументы гэтага часу згарэлі. Фундуш Манівіда пацвердзіў вялікі князь літоўскі Вітаўт. Такім чынам заснаванне касцёла звязана з імем Войцеха Манівіда, аднаго з буйнейшых дзяржаўных дзеячаў княства, паплечніка Вітаўта Вялікага. В. Манівід быў адным з герояў знакамітай Грунвальдскай бітвы. Памёр ён паміж 1423-25 гадамі, значыць касцёл быў заложаны перад тым. Манівід нядрэнна надзяліў храм "Землями пашными и бортными, и сеножатьми, и озеры, и реками, и людьми слобонными, и данники”. На карысць касцёла адыходзіла карчма ў Браславе, дзесятая частка (“десятина”) даходаў Браслаўскай і Опсаўскай гаспадарак, азёры Цно і Войса і інш. Аляксандр не толькі пацвердзіў наданне часоў Вітаўта, але і дадаў да іх новыя ўладанні ад свайго імя (“з особливое нашое ласки, хотячи в тое... церкви хвалу Божую размножити”): другую карчму, возера Навята “подле места Браславского”. Размяшчаўся першы каталіцкі храм каля Замкавай гары, на тым месцы дзе знаходзіцца сучасны касцёл.
У некаторых гістарычных працах указваецца, што В. Манівід лажыў у Браславе і царкву ўсходняга абраду. Уважлівы аналіз гістарычных крыніц падштурхоўвае да высновы, што ў самім мястэчку ў XV - пач. XVI ст. праваслаўнай царквы не было. Затое побач з Браславам на востраве возера Неспіш існаваў праваслаўны манастыр з царквой “Прочистое Матери Божоеи”. Верагодней за ўсё манастырскай царквой карысталіся праваслаўныя вернікі Браслава. У пачатку XVIст. княгіня Алена заснавала на Замкавай гары жаночы праваслаўны манастыр з царквой Св.Варвары. Манастыр дзейнічаў кароткі час пры жыцьці Алены. Пазней функцыянавала толькі невялічкая драўляная царква. Напэўна сюды былі перанесеныя набажэнтсвы для праваслаўных месцічаў. Апекваліся храмам манахі з астраўнога манастыра. Храм праіснаваў да пачатку XIXст. Прыходскі праваслаўны храм у мястэчку ўпершыню згаданы ў інвентары 1554г. Царква, як і касьцёл, знаходзілася на рынку непадалёку ад замка. У XVIIст. праваслаўныя святыні Браслава сталі ўніяцкімі.
Старажытныя дакументы амаль не ўтрымліваюць звестак аб знешнім выглядзе храмаў, іх інтэр’ерах. Адназначна можна сцвярджаць, што і касцёл і царква да XIXст. былі драўлянымі. Для ўзвядзення мураваных храмаў патрабаваліся значныя сродкі. У маленькім мястэчку не было багатых фундатараў. Не вылучаліся багаццем і прыходы. Час адведзены драўляным будынкам не быў доўгім. Гістарычныя крыніцы багатыя сведчаннямі знішчэнняў храмаў падчас ваенных ліхалеццяў, гарэлі цэрквы і ў мірныя часы. З апісання стану Браслаўскага касцёла, зробленага візітатарам Віленскай дыяцэзіі, суфраганам беларускім Мікалаем Слупскім (1674-77гг): “Браслаўскі касцёл - храм спалены маскоўскімі войскамі, зараз сарай...” З інвентара Браслаўскага староства (1790): “Царкоўка пабудаваная на Гары, якую называюць Замкавай... Тут пасля знішчэння полымем парафіяльных храмаў лацінскага і уніяцкага прыходаў праводзяцца набажэнствы святарамі гэтых парафій”.
Апісанні храмаў калі і сустракаюцца, то вельмі лаканічныя. Вось як апісаны знешні выгляд касцёла ў 1783г.: “Касцёл Браслаўскі фундацыі найяснейшых каралёў польскіх (тое што касцёл быў фундаваны ўладарамі дзяржавы абавязкова падкрэслівалася ў розных дакументах) з’яўляецца драўляным старым, цесам і гонтам нядаўна абіты. Фасад аздоблены пафарбаваным шчытом з двума вежачкамі. Пасярэдіне даху вялікі купал, у якім знаходзіцца звон сігнатура, далей - маленькая вежачка завершаная чатырма пафарбаванымі крыжамі. Касцёл асвечаны пад назвай “Небаузяцця Марыі Панны”. Больш увагі ўдзялялася апісанню інтэр’ераў храма, начынню. Меліся тры алтары багата аздобленыя разбой. Вялікі алтар упрыгожвалі алтары Небаузяцця Марыі Панны і Сальватор. Увогуле аздабленне інтэр’ера не вызначалася багаццем. Даволі сціплым быў і інвентар. Найбольшай каштоўнасцю былі срэбраны рытуальны посуд (келіхі, сасуды для прычасця), карона (з пазалотай). Інвентар адзначае, што людзей шмат бывае ў касцёле ў самыя галоўныя святы. У астатнія дні, нават нядзельныя, асабліва пры дрэнных дарогах, вернікаў няшмат. Падобнае кароткае апісанне уніяцкай царквы Св. Мікалая дае інвентар 1773г., які таксама падкрэслівае, што храм у Браславе фундаваны каралямі: “Будынак царквы складзены з брусоў, абабіты цёсам, дах накрыты гонтам, завершаны двума купаламі (большым і меншым) з жалезнымі крыжамі”. Інтэр’ер нагадваў выгляд каталіцкага храма. Меліся тры алтары (цэнтральны вялікі і бакавыя). Вялікі алтар аздоблены разьбой. Сярод абразоў: “Найяснейшай Панны”, “Багаяўлення”, “Св. Мікалая”, “Бласлаўленага Юзафата Пакутніка”. Візітатар царквы, складальнік інвентара М. Манькоўскі палічыў неабходным нагадаць святару, каб “вяльможны святар усялякімі спосабамі старанна дбаў аб збавенні душ, якія яму давераны. Каб ён безперапынна аб іх збавенні думаў, на гэта ўсе сілы, здароўе і жыццё сваё ахвяраваць быў гатовы. Каб кожнага свайго верніка асвяціў і накіраваў на адзіны правільны шлях збавення”. 
І касцёл і царква мелі ў Браславе шэраг жылых і гаспадарчых пабудоў - сялібы святароў, служкаў, шпіталі, а ў наваколлі мястэчка - гаспадарчыя фальваркі і засценкі (даходы ад іх ішлі на ўтрыманне храмаў).
У 1794г. драўляныя касцёл і царква згарэлі разам з мястэчкам. У гэты час каталіцкі храм ужо быў моцна спарахнелы. Непадалёку ад касцёла захоўваўся будаўнічы матэрыял для новага будынку. Ён таксама згарэў дашчэнту, як і яшчэ 9 касцёльных дамоў. Для аднаўлення страчанага патрабаваліся значныя сродкі. Насельніцтва, збяднелае падчас войнаў гэтага перыяду, грошай не мела. Не маглі вернікі разлічваць і на падтрымку ўладаў Расійскай імперыі. Па гэтых прычынах аднаўленне храма расцягнулася на десяцігоддзі. Спачатку набажэнствы адбываліся ў царкоўцы на Замкавай гары, а пазней у спецыяльна ўзведзеным драўляным памяшканні. Побач залажылі касцёл з каменя. Будоўля яго ішла да 1824 (па некаторых звестках - 1826) года. Але нават інвентар 1845г. адзначае, што канчаткова будынак не завершаны. Храм уяўляў сабой чатырохкутнік даўжынёў 27 аршынаў (19, 2 м.), шырынёй 20 аршынаў (14, 2м.). На фасадзе мелася невялічкая вежа, дах накрыты саломай. Побач размяшчалася каркасная абшытая дошкамі званіца з трыма званамі. Выява касцёла захавалася на малюнку маскоўскага мастака і археолага Дз. Струкава, зробленым у 1864г.
Маленькі касцёл не адпавядаў патрэбам парафіі, якая была даволі шматлюднай (1798 - каля 11 тыс. вернікаў, 1845 - 8,6 тыс, канец XIXст. - 14тыс.). Узнікла неабходнасць узвядзення новага касцёла. Але ў Расійскай імперыі дзейнічаў шэраг абмежаванняў на ўзвядзенне неправаслаўных святынь. Браслаўскія каталікі атрымалі дазвол на рэмонт храма. Будаўнікі разабралі стары будынак, пакінуўшы паўночную і ўсходнюю сцены. Да іх дабудавалі новыя сцены. У выніку паўстаў зусім іншы, значных памераў храм, які аднак не адносіўся да катэгорыі новых. Без зменаў гэты будынак дайшоў да нашых дзён. У архітэктурных адносінах касцёл уяўляе сабой чатырохкутны будынак, пакрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад упрыгожвае невысокая, чатырохкутная са скошанымі вугламі вежа завершаная шатром. Галоўны фасад аздоблены парталам. Бакавыя сцены раўнамерна прарэзаны высокімі вокнамі з паўцыркульным завяршэннем. Галоўныя мастацкія якасці будынка звязаны з тэхнікай яго муроўкі. Асноўны аб’ём выкананы з расколатага прыроднага каменя, вельмі шчыльна падагнанага адзін да аднаго, прамежкі старанна запаўняліся колатымі каменьчыкамі. Каменная муроўка спалучаецца з элементамі дэкору, выкананымі з чырвонай цэглы. Найбольшую цікавасць выклікаюць ацалелыя фрагменты храма пачатку XIXст. Тут муроўка выканана ў разынкавай тэхніцы. У рашчыну паміж вялізных валуноў утыкаліся дробныя каменьчыкі (глядзяцца сапраўды як разынкі ў цесце). Каменьчыкі дзякуючы фантазіі майстроў утвараюць прыгожую мазаіку. Месцамі складаюцца ва ўзоры. Найчасцей сустракаюцца выявы сонейкаў у розных варыянтах (спецыялісты налічылі іх больш за 10). На алтарнай сцяне гладач знойдзе вазон з кветкамі. У некаторых месцах здаецца, што каменьчыкі ўтвараюць нейкія літары і лічбы. Пры ранішнім сонечным асвятленні разынкавая муроўка найбольш выразна чытаецца, нібы запрашае расшыфраваць тыя думкі, памкненні, якія ўклалі таленавітыя рукі майстроў у сваю працу. Цудоўна, калі ўдаецца прачытаць сярод гэтай мазаікі нешта новае. 
У цэлым будынак касцёла даволі цяжка аднесці да пэўнага архітэктурнага стылю, аднак у яго аздабленні скарыстаны элементы гатычнага стылю, пашыранага ў Буларусі ў гэты час. Завершаны працы над касцёлам былі ў 1897г. У гэтым жа годзе новы праваслаўны храм атрымалі і праваслаўныя вернікі Браслава. Шлях да гэтага храма быў не менш складаным. У складзе Расійскай імперыі да 1839г. царква ў Браславе заставалася уніяцкай. Потым унія была скасавана, частка уніятаў вярнулася ў лона праваслашнай царквы, частка адышла да каталіцкай (гэтаму моцна працівіліся царскія ўлады). Старажытная Браслаўская царква, дом святара, іншыя царкоўныя дамы таксама знішчыў пажар 1794г. У 1802г. была ўзведзена драўляная прыхадская царква, але ж жыццё яе было нядоўгім. У апісанні Браслаўскага старства 1813г. адзначана, што царква “совсем ветхая”, а ў 1830г. яна, як зусім зруйнаваная, зачыняецца. Набажэнствы для месцічаў пераносяцца ў манастырскую царкву Св. Юрыя, размешчаную на могілках каля в. Шавуры (асноўная царква манастыра на гэты час была ўжо непрацуючая). Маленькая царкоўка вызначалася сціпласцю архітэктуры і інтэр’ера: «Зданием деревянная, с такою же колокольнею на острове, ветхой в стенах и крыше… Утварью скудна, а важнейший ей недостаток иконостаса, которого и построить невозможно». Часам набажэнствы праводзіліся па хатах вернікаў. Царкоўныя і свецкія ўлады з сярэдзіны 40х гадоў разглядалі пытанне аб узвядзенні ў мястэчку праваслаўнага храма, але для рэалізацыі праекта справа дайшла толькі ў 1851г. У лістападзе новую царкву ў імя Св. Мікалая асвяціў епіскап ковенскі Філарэт. Невялікі драўляны храм аздаблялі па перыметру галерэі, тры ганкі, пяць галовак, багаты разны дэкор. Царкву размясцілі на Замкавай гары. Будынак неўзабаве стаў ахвярай маланкі, 14 лістапада 1854г. ён згарэў дашчэнту. Часовую царкву абсталявалі ў доме святара. У 1859г. сталі ўзводзіць новую царкву, больш умяшчальную (да 185 чалавек). Працы скончыліся ў 1865г. На малюнку мастака Дз. Струкава можна ўбачыць гэты будынак - прамакутны адназрубны храм з апсідай, пакрыты двухсхільным дахам, да асноўнага аб’ёму якога на ўсю вышыню прымыкаў вузкі бабінец, на вільчыку даха знаходзіўся барабан з купалам. Размяшчалася царква насупраць касцёла праз вуліцу, на тым месцы, дзе у канцы XIXст. узвялі мураваны храм. Неўзабаве аказалася, што царква замалая і ў святочныя набажэнствы не магла змясціць усіх жадаючых. Улады выдаткавалі святару сродкі на рэканструкцыю будынка. Але і пасля рэканструкцыі, праведзенай у 1878г., царква не задавальняла патрэб прыходу. У 80-х гадах узнікла ідэя аздобіць Браслаў мураваным праваслаўным храмам. Святар Уладзімер Васілеўскі не аднойчы звяртаўся па гэтаму пытанню да епіскапа ковенскага Антона. Святар настойваў, што новы будынак дапаможа ўзмацніць пазіцыі праваслаўя ў рэгіёне, да таго «прискорбно, что тут же находится сравнительно громадный римско-католический костел». Васілеўскі дакладаў начальству, што праваслаўная царква маленькая і не вельмі прыгожая нібыта з прычыны таго, што яе праектаваў архітэктар-паляк. Быў скарыстаны і такі аргумент - у даўнія часы ў Браславе існавала ажно 7 праваслаўных храмаў. Дзяржаўная казна выдаткавала на ўзвядзенне новага храма 25 тыс. рублёў. Будоўля пачалася ў 1896г., 21 верасня 1897г. новая царква была ўрачыста асвечана епіскапам ковенскім Міхаілам. Храм атрымаў імя Успення Прачыстай Багародзіцы. Змена назвы адбылася таму, што старая Мікалаеўская царква не была разабрана. Напачатку яе меркавалі перанесці на востраў возера Неспіш, дзе існаваў манастыр. З-за дарагоўлі праекта ад яго адмовіліся. Царкву перанеслі на могілкі ў мястэчку. Ад старажылаў можна было пачуць гісторыю аб тым, што стары будынак не разбіралі, а перацягнулі па вуліцах Браслава на спецыяльных катках. Праца гэта нібыта працягвалася некалькі дзён і выклікала велізарную цікавасць сярод жыхароў. Побач з новым будынкам царквы ўзвялі капітальны будынак царкоўна-прыхадской школы. Царква пабудавана з цэглы і атынкавана. Будынак складаецца са званіцы, бабінца, асноўнага аб’ёму, пяціграннай апсіды з разніцай. Асноўны аб’ём накрыты чатырохсхільным дахам, у цэнтры і па вуглах якога размешчаны васьмігранныя барабаны з цыбулькамі. Знешні дэкор храма вельмі насычаны. У цэлым будынак можна аднесці да псеўдырускага архітэктурнага стыля. Вельмі насычаны багаты інтэр’ер храма. Алтарную частку ўпрыгожвае трохярусны іканастас, паводле некаторых меркаванняў выкананы кіеўскімі мастакамі. На сценах царквы размешчаны дзесяткі абразоў на дошках і тканіне. Некаторыя з іх маюць больш старажытнае, чым будынак , паходжанне, датуюцца XVII-XVIII ст.
У каталіцкім храме ў алтары зберагаецца абраз Маці Божай Браслаўскай, які лічыцца цудадзейным і шануецца як вялікая святыня. Гісторыя абраза звязана з манастыром на востраве. Паводле аднаго з паданняў абраз нечакана з’явіўся ў XVст. на невялікім астраўку. Вернікі ўрачыста перанеслі абраз у касцёл Браслава, яле ён на наступны дзень зноў з’явіўся на востраве. Так паўтаралася некалькі разоў. Святар памаліўся каб Маці Божая выказала сваю волю. Неўзабаве ён прысніў, што Багародзіца сказала пабудаваць кляштар на суседнім большым востраве. Воля Маці Божай была выканана. Рэальная гісторыя манастыра зусім інакшая, яна насычана рознымі падзеямі і надзвычвй цікавая.
У дакументах ён згадваецца на пераломе XV-XVIстст. Каля 1500г. Княгіня Алена ахвяравала манастыру 15 сялян з зямлёй, сенажацямі, возерам Неспіш і млынам. Наданне зацвердзіў яе муж Аляксандр. Напачатку сваёй гісторыі манастыр быў праваслаўны. Кіраваў ім архімандрыт, які адмыслова ўзначальваў і Гродзенскі Барыса-Глебскі (Каложскі) манастыр. У XVI ст. згадваецца школа, якая існавала пры манастыры. У пач. XVII ст. кіраванне манастыром перададзена віленскай ігуменні Васілісе Сапежанцы. У прывілеі на гэта вялікі князь Жыгімонт ІІІ абавязвае трымаць у манастыры двух папоў, або чарнцоў і дзякана. Паводле рашэння вялікага князя і караля Уладзіслава IV у 1635г. браслаўская абіцель, назаўсёды адышла да ўніятаў, стала адносіцца да ўніяцкага ордэна базыльянаў. У 1635г. браслаўскім архімандрытам быў прызначаны Г. Веліконці, які да гэтага 26 гадоў узначальваў знакаміты Супрасльскі манастыр. У Браслава ён пражыў 5 гадоў, скончыў тут жыццёвы шлях і быў пахаваны ў манастыры. 
Манастыр не вызначаўся багаццем і прыгожымі збудаваннямі. На самым востраве размяшчалася невялікая драўляная царква, жылы корпус, званіца. На беразе возера знаходзіўся заезны двор (аустэрыя) з карчмой, а на могілках царкоўка св. Юрыя. Манахі апекваліся царквой св. Варвары на браслаўскім замчышчы. У рэзідэнцыі архімандрыта захоўвалася бібліятэка (86 кніг у 1791г.) і манастырскі архіў. Некаторыя архімандрыты Браслаўскага манастыра былі вядомымі рэлігійнымі дзеячамі. Напрыклад, Мітрафан Друцкі-Сакалінскі, будучы смаленскі епіскап, Адрыян Галаўня, будучы аршанскі епіскап, доктар філасофіі і славесных навук. 
У XVIIIст. стан манастыра часамі быў настолькі гаротным, што тут не было манахаў. Хаця манастыр захоўваў важнае значэнне, у прыватнасці ён з’яўляўся цэнтрам дэканата з 18 прыходаў. Значныя страты панёс манастыр у вайну 1812г. Яго маёмасць была разрабавана французамі, ад рэквізіцый французаў пацярпела і манастырская гаспадарка. Браслаўскі базыльянскі манастыр быў вядомы абразом Маці Божай, які лічыўся цудадзейным. Абраз зберагаўся ў галоўным алтары храма на востраве, а ў час найбольш значных святаў выносіўся да вернікаў. Вялікі натоўп паломнікаў збіраўся на паўвостраве каля манастыра і тут адбываліся набажэнствы. Казанне архімандрыта Гераніма Нярэзбя пры адным з такіх набажэнстваў у 1781г. было нават надрукавана. Ёсць у казанні такія словы: “...У нас застаецца надзея, што Прачыстая Марыя Панна праз лучнасць, якую яна мела жывучы сярод нас, праз тую літасць, з якой адносіцца яна да люду чалавечага, не скарыстае свайго ўзвышэння ні на што іншае , як толькі на дапамогу нам. Яе Мацярынская Душа ніколі не адступала ад нас, даруючы нам свае ласкі. І хаця сэрца Яе перанесена на неба, адтуль Яна можа лепей убачыць усе патрэбы нашыя, там Яна хутчэй можа памаліцца за нас перад угневаным Усявышнім. Ад нас жа Яна хоча толькі адной узнагароды - адданасці Ёй, каб мы... памяталі, што Яна як кахаючая Маці застаецца сярод нас на зямлі”.
У XIXст. у Вільні была выдадзена літаграфія абраза. Абраз падтрымліваюць дзве мужчынскія постаці, адна з іх - марскі ўладар Няптун, які стаіць на храбцінах двух гіганцкіх рыбін. На малюнку змешчана выява вострава з будынкамі. Магчыма мастак перадаў сапраўднае аблічча забудовы манастыра. Вылучаецца невялікі цэнтрычны храм з трыма двухяруснымі барабанамі і фігурным шчытом на галоўным фасадзе. Ён мае барочнае аблічча. Рысы гэтага стылю прасочваюцца і ў жылым корпусе і званіцы. Мастак змясціў на малюнку нават мост.
У 1827г. рэлігійныя ўлады прынялі рашэнне скасаваць Браслаўскі манастыр з прычыны малога прыхода. Маёмасць (52 валокі зямлі, 123 сялянскія душы, 3997 рублёў срэбрам) паступілі ў агульны ўніяцкі фундуш. 21 жніўня 1832г. ад удару маланкі ўся забудова на востраве згарэла. Паводле падання гэта Бог пакараў манахаў за сквапнасць. Нібыта манахі не дапусцілі на сваю тэрыторыю жабракоў падчас вялікага фэста. Жабракі разлічвалі на ахвяраванні паломнікаў, але апынуліся ў манастырскім падзямеллі. Жабракі сталі наклікаць на галовы манахаў праклёны. Раптоўна, падыйшла вялікая хмара, пачалася навальніца і вось на вачах шматлікага натоўпу вернікаў абіцель занялася полымем. Ацалеў толькі абраз. Праз некалькі дзён ён нечакана абвясціўся на маленькім суседнім востраве. Абраз аднеслі на руках у Браслаўскі касцёл. Паданне зноў кажа аб нежаданні Маці Божай заставацца ў Браславе. Потым святар прысніў, што перанос святыні трэба даручыць злодзеям, якія пакаяліся ў грахах і сталі шчырымі веруячымі. З вязніцы прывялі некалькіх былых злачынцаў і Маці Божая прыняла іх ахвяру - засталася ў Браслаўскім касцёле. 
Найбольшае ўшанаванне абраза ў касцёле прыпадае на канец XX стагоддзя. Пасля таго як былі зняты рэлігійныя абмежаванні савецкага перыяду, пра цудадзейныя ўласцівасці святыні загаварылі ўголас. Маці Божая Браслаўская атрымала ўнікальны тытул - Уладарка Азёраў, яна абвешчана апякункай Браслаўшчыны і галоўнай каталіцкай святыняй Віцебскай каталіцкай епархіі. У Браславе арганізаваны санктуарый, задача якога прымаць паломнікаў, якія прыязджаюць памаліцца святыні. Найбольшыя ўрачыстасці адбываюцца 22 жніўня - у каталіцкім календары дзень шанавання цудадзейнага абраза. У гэты дзень тысячы вернікаў запаўняюць спецыяльна абсталяваную пляцоўку каля касцёла. Малітвы і спевы звернуты да Маці Божай Браслаўскай. 
Мы - дзеці твае
Найсвяцейшая Панна Марыя
Наш Браслаўскі край
Сваім матчыным вокам акінь
Мы просім Цябе
Да збаўлення дарогу адкрый нам
Вытокам новай чысціні
Над сінім прасторам
Хай ясна Твой воблік іскрыцца
Нас ад чорнай бяды барані
Перадае настрой вернікаў паэтка Тэрэза Крумплеўская.
Абслугоўваць санкутарый Маці Бодай будзе манастыр, будаўніцтва якога распачата непадалёку ад касцёла. З 1939г. дзейнічае ў Браславе жаночы манастыр сясцёр-эўхарыстак (сясцёр служэбніц Езуса ў Эўхарыстыі). Іх ордэн быў заснаваны ў 1923г. і першы касцёл адкрыўся на Браслаўшчыне ў Друі. Сёстры-эўхарысткі дзейнічаюць у парафіях, дапамагаюць святарам, даглядаюць храмы, дапамагаюць хворым і нымоглым. У савецкія часы сёстры-эўхарысткі ў Браславе дзейнічалі нелегальна. З 1989г. яны працуюць адкрыта. У 1996г. Браслаўскі манаскі дом афіцыйна зарэгістраваны, у ім пастаянна жыве больш за 10 сясцёр.
Неўзабаве будзе ў Браславе і праваслаўная абіцель. У былым галоўным корпусе “нарбутаўскай” лячэбніцы вядуцца працы па яго прыстасаванню пад жаночы праваслаўны скіт Полацкага Еўфрасіньеўскага манастыра. Будзе абсталяваны храм, дзе малітвы будуць адбывацца штодзённа, сталовая і прытулак для манахінь, а таксама прытулак і сталовая для тых хто церпіць.
У перыяд з XVIII па 40-я гады XXстст. яўрэйскае насельніцтва Браслава мела свае малітоўныя дамы - сінагогі. У міжваенны час іх было тры. Сінагогі размяшчаліся побач з Замкавай гарой. Толькі галоўная сінагога трохі вылучалася сваімі большымі памерамі. Знешні выгляд яўрэйскіх святынь нагадваў навакольную забудову.
У сучасным Браславе з 90-х гадоў XX ст. дзейнічае царква старавераў (маленная), пераробленая з адміністрацыйнага будынка. Цяпер узводзіцца храм з цэглы. Маецца таксама царква хрысціян веры евангельскай.
Святыні Браслава - асяродкі духоўнага жыцця, важныя і ў даўнія часы і цяпер. Яднанне вакол храмаў дапамагала вернікам выжываць у нялёгкія перыяды гісторыі. Знаходзім згадкі пра шпіталі і брацтвы, якія дзейнічалі і пры касцёле, і пры царкве, закліканыя дапамагаць нямоглым. У маленькім мястэчку выключнай была роля храмаў як асяродкаў адукацыі і культуры, як цэнтраў грамадскай актыўнасці. Шмат што залежыла ад асобы святара. Па гістарычных крыніцах удалося ўстанавіць прозвішчы звыш 60 каталіцкіх, уніяцкіх і праваслаўных святароў, якія служылі Богу і людзям у браслаўскіх святынях. Сярод іх ёсць постаці прыкметныя.
Амаль усё XVIIIст. уніяцкімі святарамі былі Адамовічы: Рыгор, Канстанцін і Тадэвуш. Значным аўтарытэтам сярод вернікаў карыстаўся Тадэвуш Адамовіч. Пасля знішчэння храма ў 1794г. ён кіраваў узвядзеннем новай царквы, іншых будынкаў, прычым ахвяраваў на гэту справу частку ўласных зберажэнняў. Візітатар царквы ў 1800г. А. Галаўня запісаў: “... Тадэвуш Адамовіч паводле сваіх якасцяў ураўнаважанасці, цвярозасці і пачцівасці годны сваёй святарскай пасады. Дагэтуль хвалебна выконвае свае абавязкі. Паслугі духоўныя... аказвае вельмі добра... у пабудове новай царквы старанным і клапатлівым апекуном быў...”
Наступнік святара Ян Капецкі, наадварот вызначыўся скандальным характарам. У прыватнасці ён дрэнна абышоўся з удавой Т. Адамовіча Агатай, выгнаўшы яе з хаты. Непрыгожую гісторыю разбіралі царкоўныя ўлады.
На каталіцкага святара Ігната Навіцкага, які дарэчы ў пач. XIXст. кіраваў узвядзеннем мураванага касцёла, частка парафіян паскардзілася самаму імператару Аляксандру І. Ксяндза абвінавачвалі ў шматлікіх грахах, у тым ліку, што ён прымушаў вазіць камень на будоўлю па нядзелях і святочных днях, што ўвогуле: “Новицкий управлял нами 5 лет, довел нас до такой степени бедности... что мы принуждены быть лишены лошадей, скота, упряжи, зимних и яровых севов, строений, одежды, хлеба... что некоторые из поселян наших... пошли в свет с женами и малыми детьми, прося милости для прокормки собственных душ”.
Аднак такія адносіны святара з вернікамі былі выключэннем. Цікавай постаццю сярод браслаўскіх святароў з’яўляўся Пётр Тачылоўскі. Ён узначальваў каталіцкі прыход і адначасова займаў шэраг важных пастоў у каталіцкай іерархіі - з’яўляўся біскупам беліненскім, кантарам, пралатам, суфраганам віленскім. 
Больш трыццаці гадоў служыў у Браславе Анзельм Лячыцкі. Пачынаў у 1835г. як уніяцкі святар, потым адзначыўся зацятай барацьбой за вяртанне ўніятаў ва ўлонне праваслаўнай царквы. Кіраваў узвядзеннем царквы ў 1851г. Цікавіўся мясцовай гісторыяй, збіраў легенды, паданні. Частку сабраных матэрыялаў апублікавала ў 1864г. губернская газета. Праводзіў кліматычныя назіранні, вынікі якіх паведамляў у Расійскае геаграфічнае таварыства. У 1852г. атрымаў удзячнасць ад таварыства за праведзеную працу. Памёр Анзельм Лячыцкі 1 чэрвеня 1867г. у Браславе. 
Прыкметны след у гісторыі Браслава пакінула дынастыя праваслаўных святароў Васілеўскіх. У 1867г. у мястэчка на вакантнае месца прыехаў Уладзімір Васілеўскі, нараджэней Гродзеншчыны, выпускнік Літоўскай духоўнай семінарыі, было яму 21 год. Выконваў душпастарскую працу ў мястэчку да 1912г. За дзесяцігоддзі здабыў велізарны аўьарытэт сярод вернікаў усіх канфесій Браслава - праваслаўных, каталікоў, яўрэяў. У. Васілеўскі - ініцыятар і кіраўнік узвядзення мураванага храма, заснавання ў Браславе царкоўна-прыхадской школы, арганізацыі праваслаўнага братства. Святар узначальваў чайную таварыства цвярозасці. 11 гадоў з’яўляўся благачынным ( кіраваў праваслаўнымі прыходамі павета), адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. У 1903г. у Браславе ўрачыста адзначылі 35 годдзе пастырскай дзейнасці святара Уладзіміра Васілеўскага. Адзначалася што дзякуючы намаганням юбіляра ў Браславе створаны самы вялікі ў губерні праваслаўны прыход, пабудавана адна з лепшых у павеце цэркваў, створана выдатная сетка школ. У. Васілеўскі меў сямёра дзяцей, два сыны - Аляксей і Уладзімір сталі святарамі. Незадоўга да сваёй смерці Уладзімір Васілеўскі падараваў сваю сялібу ў Браславе на дабрачынныя мэты і абумовіў каб палова даходаў паступіла на патрэбы мясцовага праваслаўнага брацтва, а другая палова на патрэбы каталіцкай і яўрэйскай дабрачынных арганізацый. Ковенская газета “Северо-западный телеграф” паведамляючы пра гэты ўчынак святара пісала: “... отношения любви ко всем людям без различий веры, национальности и расы… стяжали этому почтенному пастырю любовь, уважение и почтение всего разнородного местного населения… по пути благотворения и человеколюбия он не встречает ни эллина, ни иудея, ни арийца, а только человека Божьего». 
У 1912г. святаром у Браславе становіцца Аляксей Васілеўскі. Як і бацька ён вызначаўся разважлівасцю, добрым характарам, паважлівымі адносінамі да людзей. Займаў пасаду да канца 30-х гадоў, з’яўляўся благачынным. Памёр айцец Аляксей у 1942г. Шасцёра дзяцей святара атрымалі выдатную адукацыю. Сын Аляксей вучыўся на юрыста ў Празе. У гады Вялікай Айчыннай ён узначаліў Браслаўскае падполле і загінуў ад рук фашыстаў. Верным яго памочнікам і паплечнікам быў брат Дзмітрый, выпускнік медыцынскага факультэта Кракаўскага універсітэта. Яшчэ адзін сын святара Аляксея - Пётр - таксама вучыўся ў Празе. Быў добрым спартсменам, захапляўся яхтамі, планерамі. Меў выдатны голас. Спачатку стаў спяваць у студэнцкім хоры, а потым у знакамітым хоры данскіх казакаў С. Жарава. З хорам аб’ездзіў дзесяткі краін свету, а летняй парой заўсёды з’яўляўся ў Браславе. 
Вялікім аўтарытэтам сярод вернікаў карысталіся каталіцкія святары Пётр Даўгвіловіч (у канцы XIXст. быў ініцыятарам капітальнай перабудовы касцёла), Юры Жамэйць (апантаны душпастарскай працай, міласцівы да беднякоў, працаваў у пачатку 1930-х гадоў), Мечыслаў Акрэйц (загінуў ад разрыву сэрца пры знішчэнні жыхароў яўрэйскага гета), Антон Шубзда (зведаў рэпрэсіі савецкіх уладаў у 1940-я гады, вымушаны быў з’ехаць з Браслава, але прасіў пахаваць сябе менавіта тут. Аднойчы сказаў: “Мяркую, што такіх добрых людзей як у Браславе няма”.), Францішак Свёнтак (працаваў у Браславе ў 50-я гады з двума паралізаванымі нагамі), Чэслаў Вільчынскі (годна выконваў душпастарскую працу з 1967-86гг., нягледзячы на моцны ўціск уладаў), Стэфан Пракурат (святар у 1990 гады, які памёр у касцёле адразу пасля імшы). 
Святыні Браслава няслі і працягваюць несці людзям духоўнае святло, дапамагаючы пераносіць жыццёвыя і душэўныя нагоды. Няхай так будзе заўсёды. 
Cакрамэнт святога Хросту

hrost«Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Хто паверыць і ахрысціцца – будзе збаўлены» (гл. Мц 28, 19; Мк 16,15.16), – гэтымі словамі Пан Езус устанавіў першы з сямі сакрамэнтаў – сакрамэнт святога хросту. Толькі пасля прыняцця хросту можам прымаць іншыя сакрамэнты.

Ліста лектараў (жнівень - лістапад)

Паважаныя Парафіяне!
 
Для абвяшчэння Слова Божага пакліканы найперш біскупы, святары і дыяканы. У выкананні гэтага абавязку ім дапамагаюць лектары. У супольнасці вернікаў лектары чытаюць Божае слова, тым самым выхоўваючы ў веры дзяцей і дарослых, рыхтуючы іх да годнага прыняцця сакрамэнтаў.
Пн Ат Ср Чц Пт Сб Нд
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31

РАСКЛАД НАБАЖЭНСТВАЎ

Кожны католік мае абавязак у нядзелю і абавязковыя святы ўдзельнічаць у святой Імшы – Эўхарыстыя

Расклад святых Імшаў у нашай парафіі ў нядзелю:
8.30 11.00 15:00 19.00

КАРОТКІ КАТЭХІЗІС

ПРА КАСЦЁЛЬНЫЯ НАКАЗЫ

56. Якія ёсць яшчэ наказы, абавязковыя для кожнага хрысціяніна?
-  Абавязковымі для кожнага хрысціяніна з'яўляюцца яшчэ каcцёльныя наказы.
57. Хто даў Касцёлу права ўстанаўліваць наказы?
-  Гэтае права даў Касцёлу Сам Езус Хрыстус.
58. Колькі ёсць касцёльных наказаў?
-  Ёсць пяць касцёльных наказаў:
     1. У нядзелі і прадпісаныя святы ўдзельнічаць у святой Імшы і не рабіць  неабавязковай працы.
     2   Прынамсі раз у год прыступаць да сакрамэнту пакаяння.
     3.  Прынамсі раз у год, у Велікодны перыяд, прыняць святую Камунію.
     4.  Захоўваць ва ўстаноўленыя дні пост і ўстрыманне ад мясных страваў, а ў перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у забавах.
     5.  Дапамагаць у патрэбах супольнасці Касцёла.
 
Go to top