ДУШПАСТЫРСКІЯ АБ’ЯВЫ
на III Нядзелю Вялікага Посту
 
 
1. Сёння, падчас кожнай св. Імшы чытаем  паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, прысвечанае XII Нацыянальнаму дню “Caritas”. Ахвяры, сабраныя пад час сённяшняй св. Імшы будуць прызначаны на патрэбы Карытас.
 
2. Прыпамінаем, што кожную нядзелю Вялікага Посту спяваем “Песні Жальбы”: на польскай мове – а 8.00 (перад Св. Імшой у 8.30), на беларускай мове – у 10.30(перад Св. Імшой а 11.00). „Крыжовы Шлях” адпраўляем кожную пятніцу Вялікага Посту: раніцай пасля Св.Імшы а 11.00 – па-польску, вечарам у 18.30 – для дзяцей, моладзі і дарослых – па-беларуску. Падчас Вялікага Посту збіраем ахвяры на кветкі да Гробу Пана, можна скласці ахвяру пры бочным алтары з правай стараны касцёла.
 
3. Як паведаміла Апостальская Нунцыятура ў Беларусі, 12-15 сакавіка 2015 г. нашу краіну, па запрашэнні дзяржаўных уладаў, наведае Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка Яго Эмінэнцыя кардынал Пьетро Паралін. Візіт найбліжэйшага супрацоўніка Пантыфіка — гэта знак павагі Апостальскай Сталіцы і асабіста Пантыфіка да Беларусі і Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне. Падчас візіту кардынал Пьетро Паралін сустрэнецца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і іншымі высокапастаўленымі афіцыйнымі асобамі, а таксама асвяціць вуглавы камень Апостальскай Нунцыятуры, якая будуецца. У праграме візіту шаноўнага госця прадугледжана сустрэча з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, і Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Асаблівае значэнне будуць мець сустрэчы кардынала з моладдзю і вернікамі.14 сакавіка 2015 г. у касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску ў 20.00 з удзелам кардынала Пьетро Параліна распачнецца Міждыяцэзіяльнае велікапоснае начное чуванне моладзі пад дэвізам «Не адкладвайце навяртання» (Сір 5, 7). На наступны дзень, 15 сакавіка, у 10.00 кардынал Пьетро Паралін узначаліць святую Імшу з удзелам дзяцей у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звяртаецца да святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў маліцца аб поспеху гэтага візіту і заклікае прыняць актыўны ўдзел у вышэйузгаданых набажэнствах.
 
4. Моладзь з нашай парафіі  якая жадае паехаць у Мінск і удзельнічаць у Міждыяцэзіяльным велікапосным начным чуванні просім звяртацца каліласка,  ў сакрыстыю да серады (11.03.15). 
 
5. На ўвесь тыдзень працы і абавязкаў няхай благаславіць вас усіх Бог Усемагутны.