ДУШПАСТЫРСКІЯ АБ’ЯВЫ 
на VII Звычайную Нядзелю
 
 
1. Сёння, падчас кожнай святой Імшы, чытаем  паведамленне з 56-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Згодна з прапановай Біскупаў, будзем маліцца ў інтэнцыі Украіны аб мірным вырашэнні сацыяльных канфліктаў. У гэтай інтэнцыі пасля кожнай Св. Імшы будзе адпраўлена Эўхарыстычнае набажэнства. 
 
2. Просім, калі ласка, выключаць сродкі мабільнай сувязі падчас Св. Імшы, каб яны не перашкаджалі нам прымаць годны і актыўны ўдзел у Эўхарыстыі. 
 
3. На гэтым тыдні прыпадае І Субота Месяца, дзень малітвы да Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Асаблівым чынам памятаем у сваіх малітвах пра грэшнікаў. 
 
4. У наступную нядзелю прыпадае Першая Нядзеля месяца. Прыпамінаем, што ахвяры гэтай нядзелі будуць прызначаны на далейшае аднаўленне і ўтрыманне нашай святыні. Шчыра дзякуем усім ахвярадаўцам.
 
5. Таксама прыпамінаем, што магчымасць сакрамэнту споведзі існуе штодзённа за 30 хвілін да пачатку Св. Імшы. Душпастырскія справы вырашаем пасля кожнай Св. Імшы. 
 
 
Браслаў, 23.02.2014
Кс. Антоні Земба SDS
 
 
___________________________________
 
 
 
Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі пра Дзень малітвы за Украіну
 
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
 
 
З вялікім непакоем мы сочым за тым, што адбываецца ў апошні час ва Украіне. Дадзеная сітуацыя з’яўляецца для нас заклікам да малітоўнай салідарнасці ў інтэнцыі мірнага вырашэння гэтага драматычнага канфлікту. 
Папа Францішак заахвоціў да мірнага заканчэння канфлікту ва Украіне, запэўніўшы ў сваёй блізкасці да ўкраінскага народа і малітве за ахвяр насілля, членаў іх сем’яў і параненых. 
Па прыкладзе Святога Айца звяртаемся з вялікай просьбай да ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, каб нядзеля 23 лютага гг. стала Днём малітвы і посту ў інтэнцыі Украіны.
Заахвочваем, каб у гэты дзень ва ўсіх касцёлах і капліцах нашай краіны падчас святых Імшаў і эўхарыстычных набажэнстваў узносілася малітва за Украіну, каб усе бакі спынілі любыя акты насілля і шукалі згоды і міру.
Міласэрнаму Богу давяраем усіх ахвяраў гэтага канфлікту, а сем’і загінуўшых запэўніваем у малітоўнай памяці, выказваючы ім словы сардэчнага спачування.
 
 
Каталіцкія Біскупы Беларусі 
 
Мінск, 21 лютага 2014 г. 
 
З гэтым паведамленнем належыць азнаёміць вернікаў у бліжэйшую нядзелю, 23 лютага, падчас парафіяльных аб’яваў