Хрыстос уваскрос!
Сапраўды ўваскрос!

Дарагія парафіяне
і людзі добрай волі! 
Жадаю Вам такой веры і такого глыбокага сузірання на смерць і Уваскрасенне Езуса, што былі ў сведкаў, якія знаходзіліся побач. Прашу Вас, ідзіце і абвяшчайце сваім жыццём, што Ён сапраўды ўваскрос!

 

 

 

 

 

 

 

 

 

СПАМПАВАЦЬ АНКЕТУ

 
 
 
Навэнна перад святам Божай Міласэрнасці
(навэнна распачынаецца ў Вялікую пятніцу)
У першую нядзелю пасля Вялікадня – свята Божай Міласэрнасці.
 
Дзень першы
 
Молімся аб міласэрнасці для ўсяго чалавецтва:
 
Езу найміласэрнейшы, толькі Ты літуешся над намі і прабачаеш нам. Не зважай на грахі нашыя, але на давер, які ўскладаем на бясконцую дабрыню Тваю, і прымі ўсіх нас да дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго і не адпускай нас з Яго навекі. Просім Цябе праз любоў Тваю, якая яднае Цябе з Айцом і Духам Святым.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на бедных грэшнікаў і на ўсё чалавецтва, якое ўкрыта ў Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса, і дзеля Яго балеснай мукі акажы нам сваю міласэрнасць, каб мы праслаўлялі ўсемагутнасць Тваёй міласэрнасці на векі вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень другі
 
Молімся за духавенства, праз якое на чалавецтва сыходзіць Божая Міласэрнасць:
 
Езу найміласэрнейшы, ад Цябе сыходзіць усё добрае, памнож у нас ласку, каб мы годна выконвалі ўчынкі міласэрнасці, каб тыя, што на нас глядзяць, праслаўлялі Айца міласэрнасці, які ёсць у небе.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на супольнасць абраных у вінаградніку сваім, на душы святарскія і манаскія, і адары іх моцаю свайго благаслаўлення, а дзеля пачуццяў Сэрца Сына свайго, у якім душы гэтыя прабываюць, удзялі ім моцы і святла свайго, каб маглі яны весці іншых па дарогах збаўлення, каб разам спявалі хвалу неспасцігальнай міласэрнасці Тваёй на векі вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень трэці
 
Молімся за ўсіх хрысціянаў:
 
Езу найміласэрнейшы, Ты ўсім надзвычай шчодра ўдзяляеш свае ласкі са скарбніцы міласэрнасці сваёй. Прымі нас да найлітасцівейшага Сэрца свайго і не адпускай нас навекі. Просім Цябе аб гэтым праз неспасцігальную любоў Тваю, якою палае Тваё Сэрца да Айца Нябеснага.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы верныя як на спадчыну Сына свайго і дзеля Яго балеснай мукі ўдзялі ім сваё благаслаўленне і атуляй іх сваёю пастаяннаю апекаю, каб не страцілі любові і скарбу святой веры, але каб з усімі анёламі і святымі праслаўлялі бязмежную міласэрнасць Тваю праз вякі вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень чацвёрты
 
Молімся за язычнікаў і няверуючых, якія яшчэ не ведаюць пра Божую Міласэрнасць:
 
Езу найміласэрнейшы, Ты – святло ўсяму свету,  прымі да дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго душы язычнікаў, якія Цябе яшчэ не ведаюць; няхай промні ласкі Тваёй асветляць іх, каб і яны разам з намі праслаўлялі незвычайную міласэрнасць Тваю, і не адпускай іх з дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы язычнікаў і тых, хто Цябе яшчэ не ведае і хто прабывае ў Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Прыцягні іх да святла Евангелля. Учыні, каб і яны праслаўлялі шчодрасць міласэрнасці Тваёй на векі вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень пяты
 
Молімся за тых, хто застаецца па-за Касцёлам, каб вярнуліся ў яго супольнасць:
 
Езу наймiласэрнейшы, Ты – сама дабрыня і не адмаўляеш у святле тым, хто просіць Цябе. Прымі да Найлітасцівейшага Сэрца свайго душы братоў нашых адлучаных, прыцягні іх сваім святлом да еднасці з Касцёлам і не адпускай іх з дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго. Учыні, каб і яны праслаўлялі шчодрасць міласэрнасці Тваёй.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы братоў нашых адлучаных, асабліва тых, хто растраціў даброты Твае і злоўжываў ласкамі Тваімі, і хто ўпарта прабывае ў сваіх грахах. Не глядзі на іх памылкі, але глядзі на любоў Сына свайго і на балесную муку Ягоную, якую Ён прыняў дзеля іх, таму што і яны прабываюць у Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Учыні, каб і яны праслаўлялі вялікую міласэрнасць Тваю на векі вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень шосты
 
Молімся за душы ціхія і пакорныя і за дзяцей:
 
Езу наймiласэрнейшы, Ты сам сказаў: «Навучыцеся ад Мяне, бо Я цiхi i пакорны сэрцам» (Мц 11, 29), прымi да дому Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго цiхiя i пакорныя душы i душы малых дзяцей. Няхай гэтыя душы прыводзяць у захапленне ўсё неба i будуць асаблiвым упадабаннем Айца Нябеснага, а таксама духмяным букетам перад тронам Божым, ад водару якога сам Бог мае асалоду. Няхай гэтыя душы пастаянна будуць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Тваiм i нястомна спяваюць гiмн любовi i мiласэрнасцi навекi.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы цiхiя, пакорныя i на душы малых дзяцей, якiя прабываюць у доме Найлiтасцiвейшага Сэрца Езуса. Гэтыя душы найбольш падобныя да Сына Твайго, водар гэтых душаў узносiцца з зямлi i дасягае трона Твайго. Ойча мiласэрнасцi i ўсялякае дабрынi, прашу Цябе праз любоў i ўпадабанне, якiя маеш у гэтых душах, благаславi ўвесь свет, каб усе душы разам спявалi пашану мiласэрнасцi Тваёй праз вякi вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень сёмы
 
Молімся за тых, хто асаблівым чынам ушаноўвае і праслаўляе Божую Міласэрнасць:
 
Езу наймiласэрнейшы, Сэрца Тваё – сама любоў, прымi ў дом Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго душы тых, хто асаблiва ўшаноўвае i праслаўляе велiч мiласэрнасцi Тваёй. Душы гэтыя, магутныя сiлаю самога Бога; сярод пакутаў i цяжкасцяў яны iдуць наперад, спадзеючыся на мiласэрнасць Тваю. Паяднаныя з Табою, о Езу, душы гэтыя нясуць усё чалавецтва на плячах сваiх. Яны не будуць асуджаныя сурова, а мiласэрнасць Твая атуліць iх у хвiлiну смерцi.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы, якiя праслаўляюць i ўшаноўваюць невымоўную годнасць Тваю, Тваю неспасцiгальную мiласэрнасць, якiя прабываюць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Езуса. Душы гэтыя з’яўляюцца жывым Евангеллем, рукi iх поўняцца ўчынкамi мiласэрнасцi, а сэрцы, перапоўненыя радасцю, будуць спяваць песню мiласэрнасцi Найвышэйшаму. Прашу Цябе, Божа, акажы iм мiласэрнасць сваю паводле надзеi i даверу, якiя на Цябе ўскладалi. Няхай споўнiцца на iх абяцанне Езуса, якi сказаў ім, што душы, якiя будуць ушаноўваць гэтую неспасцiгальную мiласэрнасць Ягоную, сам Ён будзе баранiць у жыццi, а асаблiва ў хвіліну смерцi, як сваю хвалу. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень восьмы
 
Молімся за душы ў чыстцы:
 
Езу наймiласэрнейшы, якi сказаў: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36). Прымі ў дом Твайго Найлiтасцiвейшага Сэрца душы, якія пакутуюць у чыстцы.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы, якiя пакутуюць у чыстцы,  i праз балесную муку Езуса Хрыста i праз горыч, якою было залiта Яго Найсвяцейшае Сэрца,  акажы ім мiласэрнасць сваю. Просім Цябе, каб глядзеў на iх не iнакш, як толькi праз раны Наймілейшага Сына свайго, бо верым, што дабрыня Твая і літасць бязмежныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень дзевяты
 
Молімся за душы абыякавыя, якія былі прычынаю цярпенняў Хрыста Пана ў садзе Аліўным:
 
Езу найміласэрнейшы, Ты – сама лiтасць,  увядзі ў святыню Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго ўсе абыякавыя душы. Няхай у гэтым полымi Тваёй чыстай любовi адаграюцца гэтыя зледзянелыя, да мерцвякоў падобныя душы, якiя да гэтага часу выклікалі ў Цябе агiду. О Езу найлiтасцiвейшы, магутнасцю мiласэрнасцi сваёй прыцягнi iх да агню сваёй любовi і адары іх святой любоўю, бо Ты ўсё можаш.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы абыякавыя, якiя прабываюць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Езуса. Ойча мiласэрнасцi, прашу Цябе: праз балесную муку Сына Твайго i праз трохгадзiннае кананне Яго на крыжы дазволь, каб i яны праслаўлялi бяздоннасць мiласэрнасцi Тваёй на векi вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 

Таямніцы Вялікага чацвярга

Вялікі чацвер напоўнены сімваламі ў словах і дзеяннях Хрыста. Як калісьці ў вячэрніку да апосталаў, так сёння да нас з вамі прамаўляе Хрыстус. 

Запрашаем на біблейскія сустрэчы

Калі вы жадаеце няспынна пазнаваць Біблію і па-новаму акунацца ў словы Святога Пісання, калі жадаеце ўзмацняць і паглыбляць сваю веру, а таксама атрымліваць адказы на цікавячыя вас пытанні, то запрашаем на біблейскія сустрэчы.
Адбываюцца яны кожную нядзелю пасля святой Імшы на 11.00. На іх пад кіраўніцтвам кс. Уладзіміра Шыдлоўскага вернікам прапануецца паразважаць над нядзельным урыўкам з Евангелля, падзяліцца сваімі разважаннямі і адпаведна жыццёвым вопытам.
Сакрамэнт Эўхарыстыі
У часе Апошняй Вячэры Езус сеў за стол разам са сваімі вучнямі, каб спажыць з імі Пасху, але не толькі на знак успаміну выхаду Ізраэля з егіпецкай няволі, але ўжо на знак успаміну таго, што павінна было хутка стацца: на памяць аб сваёй смерці і змёртвыхпаўстанні як вызваленні ўсяго чалавецтва з няволі граху і смерці. «Вельмі захацелася Мне, – кажа Езус да сваіх вучняў, – есці з вамі гэтую Пасху перад тым, як буду цярпець» (пар. Лк 22, 15).

РАСКЛАД НАБАЖЭНСТВАЎ

Кожны католік мае абавязак у нядзелю і абавязковыя святы ўдзельнічаць у святой Імшы – Эўхарыстыя

Расклад святых Імшаў у нашай парафіі ў нядзелю:
8.30 11.00 15:00 19.00

КАРОТКІ КАТЭХІЗІС

ПРА БОЖУЮ ЛАСКУ

70. Што неабходна чалавеку для таго, каб атрымаць збаўленне?
- Для таго, каб атрымаць збаўленне, чалавеку неабходна Божая ласка.
71. Хто выслужыў нам Божую ласку?
- Ласку Божую выслужыў нам Збаўца свету Езус Хрыстус.
72. Якая ёсць Божая ласка?
- Ёсць ласка асвячальная і дзейсная.
73. Што такое асвячальная ласка?
- Асвячальная ласка - гэта Божы дар, дзякуючы якому мы становімся Божымі дзецьмі, яна дае нам звышнатуральнае жыццё і права на вечнае жыццё з Панам Богам у небе.
74. Калі мы ўпершыню атрымліваем асвячальную ласку?
- Першы раз асвячальную ласку мы атрымліваем у сакрамэнце святога хросту.
75. Калі чалавек губляе асвячальную ласку?
- Чалавек губляе асвячальную ласку, калі здзяйсняе цяжкі грэх.
76. Калі мы зноў можам атрымаць асвячальную ласку?
- Асвячальную ласку зноў можам атрымаць дзякуючы сакрамэнту пакаяння.
77.  Што такое дзейсная ласка?
- Дзейсная ласка - гэта Божая дапамога ў выкананні добрых учынкаў, патрэбных для збаўлення.
Go to top