У кожную нядзелю Вялікага Посту спяваем
“Песні жальбы”
па-польску раніцай а 08.00
па-беларуску - 10.30 
Крыжовы Шлях
кожную пятніцу Вялікага Посту
пасля Св.Імшы а 11.00 – па-польску, 
вечарам у 18.15 – па-беларуску.

Малітва ахвяравання сябе Маці Божай

Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаю цела і душу маю, усе малітвы і працу, радасць і цярпенні, усё, чым я ёсць, і ўсё, што я маю. Шчырым сэрцам аддаюся Табе ў няволю любові. Даю Табе поўную свабоду карыстацца мною дзеля выратавання людзей і дзеля дапамогі святому Касцёлу, Маці якога Ты з’яўляешся. Хачу з гэтага часу рабіць усё з Табою, праз Цябе і дзеля Цябе. Ведаю, што ўласнымі намаганнямі нічога не зраблю. Ты ж усё можаш па волі Сына Твайго. І заўсёды перамагаеш. Апякунка верных, учыні, каб мая сям’я, парафія і ўся Айчына сталі сапраўдным Валадарствам Твайго Сына і Тваім Валадарствам. Амэн.

 

Малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці
 
Нявінная Маці Божая, Каралева неба, Маці Міласэрнасці, Заступніца і Прытулак грэшнікаў! Вось я, натхнёны ласкамі, якія Ты так шчодра выпрасіла для мяне Сваёй мацярынскай ласкай са скарбу любові Божай, вырашаю цяпер і заўсёды аддаць сваё сэрца ў Твае рукі, каб Ты прысвяціла яго Езусу. О Маці Міласэрнасці! Табе ў прысутнасці дзевяці анёльскіх Хораў і ўсіх святых аддаюся з дзіцячым даверам, і я ўпэўнены, што цяпер і заўсёды Ты зробіш, каб маё сэрца найлепшым чынам наследавала ўсіх святых, асабліва святога Юзафа, Твайго прачыстага Выбранніка, і заўсёды, цалкам належаў да Езуса. Амэн.
 

Малітва да Маці Божай аб ласцы добрай смерці

О Марыя, Ты – найлепшы прытулак бедных грэшнікаў. О чулая мая Маці, калі душа мая будзе адыходзіць з гэтага свету, праз боль, які зведала Ты, калі была прысутнай пры смерці Сына Твайго на Крыжы, выпрасі для мяне ласку, каб мая смерць стала актам паслухмянасці і любові Міласэрнаму Богу Айцу, па прыкладзе Хрыста.

Выйдзі насустрач мне, калі распадзецца дом маёй часовай пілігырымкі і маё жыццё пераменіцца, і пакажы мне месца ў небе, якое падрыхтаваў мне Твой Сын.

Не пакідай мяне, о Каралева мая. Ты мая абарона ў гэтай хвіліне.

Прасі свайго Сына, каб дазволіў мне ўбачыць святло вечнае і радавацца паўнатой збаўлення.

Езус, Марыя, Вам аддаю сэрца і душу маю. Амэн.

 

Малітва перад цудадзейным абразом Маці Божай 
 
О улюбёная ў гэтым цудоўным абразе, Маці Божая, і адзіная пасля Бога Суцяшальніца! Збліжаюся да Цябе з поўным даверам, як дзіця да найлепшай Маці. Кідаюся, як жабрак і грэшнік нягодны да Тваіх ног, таму што Ты Прытулак грэшнікаў. Малюся настойліва: будзь ласкавая і выпрасі ў Твайго Боскага Сына адпушчэнне грахоў і суцяшэнне ў маёй патрэбе … (тут выскажы ласку, аб якай просіш).
Столькі ўчыніла цудаў праз гэты цудадзейны абраз, столькі хворых вылечыла, столькім засмучаным і прыгнечаным слёзы выцерла і ў іхняе набалелае сэрца ўліла суцяшэнне. Таму моцна давяраю, што і мяне не пакінеш ў гэтай нядолі. Як Маці і Суцяшальніца нашая злітуешся над скрушаным грэшнікам і прымеш ў сваю святую апеку цяпер і ў хвіліну смерці. Амэн. 
 
 
Урывак з Акафіста да Найсвяцейшай Панны Марыі 
 
Радуйся, бо дзякуючы Табе радасць заззяе!
Радуйся, бо праз Цябе згіне праклён!
Радуйся, Узняцце з падзення Адама!
Радуйся, Вызваленне Евы ад слёзаў!
Радуйся, недасяжная Вышыня думак людскіх!
Радуйся, Глыбіня непранікальная нават для анёлаў!
Радуйся, Пасад Уладара!
Радуйся, Носьбітка Таго, хто носіць усё!
Радуйся, Зорка, праз якую сонца заззяла!
Радуйся, Улонне Божага ўцелаўлення!
Радуйся, бо праз Цябе абнаўляецца ўсё стварэнне!
Радуйся, бо праз Цябе пакланяемся Творцы!
Радуйся, Дзева Маці!
 
 
Малітва да Прасвятой Багародзіцы Пятра Студзійскага
 
Да Цябе, Прачыстай Божай Маці, прыпадаючы, я акаянны, малюся: Ты ведаеш, Царыца, што я безупынна грашу і гняўлю Сына Твайго і Бога майго, і хаця шматразова каюся, але лжывым перад Богам аказваюся, і каюся са страхам: ці не паразіць мяне ўжо Гасподзь, а потым зноў тое самае раблю; ведаючы гэта, Уладычыца мая, Спадарыня Багародзіца, малю, каб Ты памілавала, каб умацавала і добрае рабіць каб дапамагла мне. Бо Ты ведаеш, Уладычыца мая, Багародзіца, што я цалкам ненавіджу мае ліхія ўчынкі і ўсім разумам люблю закон Бога майго; але не ведаю, Спадарыня Прачыстая, чаму я люблю тое, што ненавіджу, і ад добрага адступаю. Не дапускай, Прачыстая, каб мая воля здзяйснялася, бо нягодная яна, а няхай будзе воля Сына Твайго і Бога майго: няхай Ён мяне выратуе і наставіць на розум, і дасць ласку Святога Духа, каб ад гэтага часу я пакінуў ліхія справы і далей жыў па запаведзях Сына Твайго, Якому належыць усякая слава, пашана і ўлада з Беспачатным Яго Айцом і Прасвятым, і Добрым, і Жыватворчым Яго Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амэн.
 

МАЛІТВА ДА БОЖАЙ МАЦІ

(св. Кірыла Тураўскі)

Цара Святога, о, добрая Маці,
Глянь літасціва на грэшнага сына:
Руку падай мне — не дай прападаці, —
Вызвалі ад грэху, надзея адзіна!

Увесь я грэшны душою і целам, —
Вачэй падняці да Цябе не смею:
Малюся з плачам, каб Ты захацела
Мне даць паратунак, як маю надзею.

Хрыста нарадзіла: Ён мёртвых ажывіць. —
Ратуй мяне Ты —
у грахах паміраю:
Твая малітва мяне ашчаслівіць, —
3 Хрыстом паўстану і Бога пазнаю.

Ад стрэл варожых духа вельмі злога
Твой шчыт надзеі мяне абароніць:
Нягодных д’яблаў (а іх надта многа!),
Твой меч магутны ў пекла прагоніць.

Заграз я ў злосці, глыбей западаю;
Каб я не згінуў ганебна ў астатку,
Вырві з балота, падыймі з упадку,
Сын блудны — ласкі тваёй выпрашаю!

Загады Сына Твайго я пакінуў, —
Я адвяртаўся ад Яго навукі:
О, Найсвяцейша, каб жа я не згінуў,
Ратуй ад пекла — ад вечнае мукі!

А цемра граху мяне агарнула,
О, асвяці нас сваёю зарою! —
Сляпая, немач да зямлі прыгнула —
Пайду да Бога я разам з Табою.

Найпрыгажэйша, цудоўна лілея,
Ты між жанчынаў — з усіх кветак Дзева,
Божая Маці, магутна надзея,
Брама да неба, Ты — райскае дрэва!

Грахі, як воды, мяне абступілі:
Думкі нягодны і словы бясстыдны
Так з галавою мяне затапілі —
Стаўся, як дрэва гнілое, агідны.

Цябе вітаю і надзею маю,
Чыстая Дзева, маё ачышчэнне,
О, Маці Бога, у бядзе канаю:
Сваею ласкай прыспяшы збаўленне!

Мяне раздзерці і пажорці хоча
Люты звер-вораг (яму душаў мала!),
Каб цябе бачыць, адкрый мне вочы,
Язык ачысці — пяяць Тваю хвалу!

«Вітай, Марыя!» клічу з арханёлам
Усей душою — пяю цэлай сілай:
Прад Божым Тронам, прад нябескім хорам
«Радуйся шчасцем у Айчыне мілай!»

Богу у Тройцы — вечна хвала ў небе:
О, Маці Бога, ведаеш дарогу —
Саму бліжэйшу — у маей патрэбе —
Мае малітвы пакажы ўсе Богу!

Амэн.

Традыцыі Вялікага посту ў гісторыі Касцёла

Святы Ірыней (памёр каля 202 г.) піша, што ў ягоны час звычай пасціць існаваў у Галіі: у гонар 40-дзённага посту Пана Езуса Хрыста быў наказаны 40-гадзінны пост (гэта значыць, што ён быў абавязковы ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу). У ІІІ ст. пост працягваецца ўжо цэлы тыдзень.

Крыжовы шлях

Абавязковыя святы
Кожны католік абавязаны ўдзельнічаць у Святой Імшы кожную нядзелю, а таксама ў наступныя ўрачыстасці і святы:
Святой Багародзіцы Марыі – 1 студзеня.
Аб’яўленне Пана (Тры Каралі) – 6 студзеня.
Святога Юзафа – 19 сакавіка.
Унебаўшэсце Пана – з календара рухомых святаў.
Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела) – з календара рухомых святаў.
Святых апосталаў Пятра і Паўла – 29 чэрвеня.
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі – 15 жніўня.
Усіх Святых – 1 лістапада.
Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі – 8 снежня.
Нараджэнне Пана – 25 снежня.

РАСКЛАД НАБАЖЭНСТВАЎ

Кожны католік мае абавязак у нядзелю і абавязковыя святы ўдзельнічаць у святой Імшы – Эўхарыстыя

Расклад святых Імшаў у нашай парафіі ў нядзелю:
8.30 11.00 15:00 19.00

КАРОТКІ КАТЭХІЗІС

ПРА ПЕРШАРОДНЫ ГРЭХ

25.  Чаго Пан Бог патрабаваў ад першых людзей?
-  Бог патрабаваў, каб першыя людзі любілі Яго і былі Яму паслухмяныя.
26. Ці заўсёды першыя людзі былі паслухмянымі Пану Богу?
-  Першыя людзі не заўсёды былі паслухмянымі Богу. Злы дух падгаварыў іх да непаслухмянасці.
27. Як называецца непаслухмянасць першых людзей?
-  Непаслухмянасць першых людзей называецца першародным грахом.
28. Як былі пакараныя першыя людзі за свой грэх?
-  Яны страцілі асвячальную ласку, права на вечнае жыццё ў небе. Яны перасталі быць Божымі дзецьмі. Пан Бог папярэдзіў іх, што яны будуць цяжка працаваць, хварэць і паміраць.
29. Якія наступствы першароднага граху?
-  Гэтая кара перайшла на ўсіх людзей, гэта значыць, што кожны чалавек нараджаецца з першародным грахом, не мае асвячальнай ласкі.
30. Хто быў вольны ад першароднага граху?
- Толькі Маці Божая была вольная ад першароднага граху, таму мы называем Яе Беззаганнай, Прачыстай.
Go to top