Сустрэча культур ля падножжа Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў

Напэўна, кожны дарослы чалавек, які жыве далёка ад бацькоў і не бачыцца з імі так часта як хацелася б, можа ўявіць тую асаблівую радасць ад доўгачаканай сустрэчы з маці і бацькам. Простую, але сапраўдную, якую адчуваеш, калі абдымаеш і прытуляешся да бацькоў, бесклапотна і з даверам, як у дзяцінстве.

Таму лёгка зразумець, чаму начное чуванне ў Браславе напярэдадні каранацыі цудоўнага абраза мела назву “Сустрэча культур у Маці Божай Валадаркі Азёраў”. Яе дзеці жывуць ва ўсім свеце, у розных яго куточках і ў гэтыя дні многія сыны і дочкі прыехалі ў Браслаў да сваёй Маці, каб раздзяліць радасць такой значнай падзеі, каб падзякаваць любай Матулі за падтрымку і любоў, дапамогу і пяшчоту, якой яна няспынна атуляе. Слёзы радасці можна было ўбачыць на тварах шматлікіх людзей рознага ўзросту, бо іх перапаўняў Дух Божай любові і адзінства, адчуванне сябе прыналежным да вялікай шчаслівай сям’і Божых дзяцей.

Усе мы розныя, але нас аб’ядноўвае мэта. І тое, што ў Браславе сабраліся беларусы, палякі, украінцы, літоўцы, латышы, а таксама іерархі з Расіі, Германіі, ЗША, Індыі і іншых краінаў свету з’яўляецца таму яскравым пацверджаннем.

Падчас начнога чування прадстаўнікі суседніх краінаў мелі адзведзены час на прадстаўленне сябе і сваёй культуры, на праслаўленне Усявышняга спевам, танцамі, малітвай, усмешкай, бо Бог і Яго Маці разумеюць усе мовы і выслухоўваюць усе просьбы. Начное чуванне распачалося часам латышскай культуры, працягнулася украінскай, польскай, а ў астатні час начную адарацыю праводзілі беларусы. 

У гэтую значную ўрачыстасць Маці Божая Браслаўская сабрала ля свайго падножжа прадстаўнікоў розных народаў і веравызнанняў. Бо Яна тая, якая дапамагае кожнаму блукаючаму вярнуцца на правільны шлях і ісці па ім да Хрыста. Наша Маці чакае нас заўсёды і, як трымае на сваіх руках Хрыста, так і кожнага ахінае сваім матчыным цяплом і апекай.

 

Святлана Бурлевіч