Св. Імшы у нашай парафіі
ў нядзелю - 8.30, 11.00, 15.00, 19.00
у бальнічнай капліцы ў 16.30

У абавязковыя святы, якія прыпадаюць у будні дзень, а гадзіне 11.00, 19.00
i ў бальнічнай капліцы ў 16.30

 

 

Гамілія кардынала Ёахіма Майснера
падчас каранацыі абраза Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе.
Браслаў, 22 жніўня 2009 года.


 

 

 

 

Дарагія браты і сёстры!

Марыя ўвасабляе сабою шлях наследавання Хрыста. Нідзе ў свеце Хрыстус не пакінуў больш выразнага і больш глыбокага следу, чым у жыцці Марыі. Таму пабожныя людзі няспынна імкнуцца да Божай Маці, каб таксама ісці па слядах Хрыста. Святы Пётр піша: «Вы ж — выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае святло сваё» (1 П 2, 9). Гэта нам таксама паказвае Марыя, якая праз свайго Сына была ўпрыгожана каралеўскай каронай: «Той, о Пані, хто ўзяў Цябе на неба» i «Той, о Пані, хто Цябе ў небе ўкаранаваў» — так моліцца пабожны люд, адкрываючы ў гэтым закліку і сваё ўласнае пакліканне. 
Чалавек з’яўляецца вянцом, каронаю Божага стварэння. Карона, якой была ўвянчана Марыя, прызначана і нам, бо мы з’яўляемся Божымі дзецьмі. Мы не толькі Божыя стварэнні, але сёстры і браты Хрыста, а праз гэта — дзеці Божыя. Мы з’яўляемся дочкамі і сынамі жывога Бога. Той «каралеўскі» лад жыцця можна цалкам прасачыць у жыцці Мырыі, і складаецца ён з пяці этапаў: Fiat азначае самаахвяраванне; Magnificat — узвелічэнне; Conservabat — захаванне; Stabat — трыванне; Assumpta est — завяршэнне. Мэта Марыі — гэта наша мэта, Яе шлях — наш шлях, таму сёння мы звяртаемся да Яе, усклікаючы: «Марыя, прымі нас як пілігрымаў, якія ідуць з Табою да Хрыста».

1. Fiat — самаахвяраванне.
Як Марта перад уваскрашэннем яе брата Лазара пайшла да сваёй сястры Марыі, каб сказаць: «Настаўнік тут і кліча Цябе» (Ян 11, 28), так і Божы Анёл прыходзіць да Марыі з Назарэта і кажа: «Настаўнік прыйшоў і кліча Цябе». На пачатку гэтай падзеі стаіць Бог, які кліча. Мы б ніколі самі не шукалі Бога, калі б спачатку Ён не знайшоў нас. У гэты момант Марыя рэагуе па-чалавечы, і Бог менавіта гэтага ад Яе чакае. Яна раствараецца ў закліку Бога, Яна проста цалкам Яму аддаецца. Мы называем гэты момант самаахвяраваннем: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова», або таксама кажам: «Няхай станецца Твая воля». Гэта найвышэйшая ступень прызнання Бога Створцы. Без гэтага «Fiat» Марыя не стала б Маці Бога. Без прызнання Бога не было б таксама чалавека як адлюстравання вобразу Бога. Без любові да Бога не было б і чалавечай любові. Без Бога не было б неба над нашаю зямлёю. Калі чалавек жадае вызваліцца ад Бога, кажучы: « я — пан, я — бог», у гэты момант ён ставіць на сабе крыж. І таму ў XX стагоддзі былі канцэнтрацыйныя лагеры, дзе чалавек трапляў у рукі чалавека, пазбаўленага любові.
Бог учыніў з Марыі Маці Бога, а кожнага з нас зрабіў Божым дзіцем, сябрам Хрыста і святыняй Духа Святога. Марыя стала Багародзіцай, калі цалкам аддала сябе Богу, калі Хрыстус пачаў жыць у Яе ўлонні. Яна прысутнічае падчас смерці і ўваскрасення Сына, калі Ён з супольнасці вернікаў стварае Касцёл. Таксама і мы, як Марыя, запрошаныя быць там, дзе бачная Божая ласка, дзе яна прысутнічае ў Касцёле, бо кожны з нас пакліканы сведчыць пра Бога.

2. Magnificat — узвелічэнне.
Быць пакліканым да супрацоўніцтва з адвечным Богам — гэта наданне асаблівай годнасці, узвышэнне чалавека. Чалавеча, хто ты такі, што Бог так наблізіўся да цябе, што з захапленнем можна сказаць словамі Марыі: «Бо вялікае ўчыніў Мне Усемагутны, а імя Ягонае святое» (Лк 1, 49)?! Таму Яна мае на сабе каралеўскую карону. У «Magnificat» прамаўляе не ўсеўладны чалавек, а Божая веліч, моц якой праяўляецца ў людской слабасці. Вось, дзяўчына з забытага ўсімі кутка свету, якая дала згоду на тое, каб Бог увайшоў у Яе жыццё, у вачах Бога і вернікаў набыла асаблівую годнасць і была ўзвялічана вышэй за усіх людзей. Яна становіцца Каралеваю, First Lady — першай Ледзі. Бог выбірае і ўзбагачае зусім нязначнага ў вачах свету чалавека, але ў вачах Бога Марыя можа лічыць сябе адзіным, найкаштоўнейшым і непаўторным стварэннем.
У пэўным сэнсе гэта датычыцца кожнага з нас. Кожнаму чалавеку Бог прызначыў для выканання асаблівую місію, бо інакш не было б нас у гэтай непаўторнай рэчаіснасці. Паўсюль, дзе чалавек, як Марыя, выконвае Божую волю і на скіраванае да яго пакліканне рашуча адказвае «TAK», там над ім раскрываюцца нябёсы, і ён набывае асаблівую годнасць. Пад раскрытымі нябёсамі тое, што з’яўляецца маленькім і незаўважным, становіцца вялікім: «Вялікае ўчыніў мне Усемагутны». Пад гэтымі нябёсамі зямное становіцца святым: «Ці не ведаеце, што целы вашыя — гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце сабе самім?» (1 Кар 6, 19). Пад Божымі нябёсамі нялюбае становіцца ўзлюбленым: «Ты Сын Мой умілаваны; Цябе ўпадабаў Я» (Лк 3, 22). Менавіта таму хрысціянін мае каралеўскую годнасць. Марыя, Каралева, з’яўляецца ў той жа час пакорнаю слугою, і пры гэтым не пакутуе ад камплексу непаўнавартасці. Яна добра ведае, хто Яна і кім з’яўляецца дзякуючы Богу. Мы — браты і сёстры Марыі — павінны думаць пра сябе з пакорай. Менавіта Бог узглянуў на мяне і ўчыніў мяне чалавекам. Мы не павінны хаваць нашага паклікання ў свеце і не павінны мець комплексу непаўнавартасці з-за таго, што з’яўляемся веруючымі. Давайце ўглядацца ў Марыю і з адвагай казаць сучаснаму свету: «Бог учыніў для нас вялікія рэчы».


3. Conservabat — захаванне
Марыя захоўвала ўсё, што пачула ад Пана і што бачылі Яе вочы. Яна з’яўляецца сведкам жыцця і дзейнасці Хрыста. Менавіта таму Яна ўвасабляе першую супольнасць Касцёла. Марыя не была універсітэцкім прафесарам, Яна проста кленчыла ў малітве. Падчас малітвы Бог адкрыў Яе вочы на сучаснасць. Што датычыцца нас, нам не трэба шукаць нашай веры, бо мы бачым яе праз Марыю, якая захоўвала праўды веры ў сваім сэрцы. Таму людзі, якія знаходзяцца ў пастаянным кантакце з Марыяй, не памыляюцца ў сваёй веры і не губляюць яе. Марыя і сёння, таксама, як у Кане Галілейскай, дае нам добрую параду: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5). Яе сваячка Альжбета кажа Ёй: «Шчаслівая Тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам» (Лк 1, 45).

4. Stabat — трыванне.
Бог чакаў ад Марыі таго, што на пачатку не ўваходзіла ў Яе жыццёвыя планы. Пачуўшы пра Божую волю, Марыя прымае яе і згаджаецца з ёю. Яна захоўвае вернасць гэтаму закліку ажно да смерці Хрыста на Крыжы. Кожнаму чалавеку Бог дае адпаведнае месца ў свеце, падтрымлівае яго, каб той мог вытрываць і нават перажыць катастрофы; прыкладам гэтага з’яўляецца Марыя, якая стаіць пад Крыжам. Бог заўсёды прыходзіць да чалавека, каб аблегчыць ягоны цяжар і нават дае здольнасць дапамагаць іншым людзям несці крыжы, ускладзеныя Богам на іх плечы. Узор гэтага мы бачым у сцэне ўкрыжавання, калі Марыя дае прыклад святому Яну і ўсім, хто стаіць пад крыжам Хрыста. Хрыстус вісіць паміж небам і зямлёю, Ён з’яўляецца Пасрэднікам між Богам і намі. Яго месца — пасярэдзіне, а Марыя — Яго Маці — трывае пры Ім падчас адкуплення свету. 
І сёння нам патрэбная Марыя як тая сіла, якая яднае Касцёл. У старажытнахрысціянскай літаратуры ёсць гімн, які кажа аб Марыі: «Ты яднаеш тое, што падзелена, і даеш супрацьлеглым меркаванням агульную выснову». Марыя стаіць пад Крыжам Сына, каб сказаць нам, як кажа сярэднявечны тэолаг, што Яна з’яўляецца «прыкладам яднання таго, што разбіта» (Concidencia opositorum), а менавіта адзінствам многіх і сінтэзам разнастайнасці.
Зрабіўшы выбар, Марыя стала справай Духа Святога і, дзякуючы Яго моцы, тое, што чалавечае, і тое, што боскае, матэрыяльнае і духоўнае праз Езуса Хрыста ў Ёй увасабляюць еднасць. Сапраўднае каталіцкае вучэнне і практыка веры сёння вельмі слабыя і кволыя, што асабліва відаць у катэгарычных пазіцыях людзей, адны з якіх ідуць у адзін бок, другія — у супрацьлеглы. Застанемся ж, як Марыя, пры Езусе. Сярод розных супярэчнасцяў нам трэба трымацца «залатой сярэдзіны» і не займаць пазіцый, якія вядуць да крайнасцяў. Хрыстус мае моц прывесці да еднасці розныя пераканнані. Так, як Марыя, і мы — веруючыя мужчыны і жанчыны — атрымліваем ад Бога моц, каб заставацца ў Касцёле. Так, як навучае святы Павал: «для нядужых я быў, як нядужы, каб здабыць нядужых, Для ўсіх я стаў усім, каб любою цаною збавіць некага» (1 Кар 9, 22). Марыя сцеражэ нас ад крайніх жыццёвых пазіцый і жадае весці нас шляхам сапраўднага хрысціянства.

5. Assumpta est — завяршэнне
Пяты этап жыцця Марыі па слядах Хрыста азначае выкананую справу. Слова Бога завалодала ўсім існаваннем Марыі. У Ёй было Божае Валадарства, якое не мае канца. Бог прыняў Яе існаванне тады, калі Яна прыняла Бога, і таму таксама ўзяў Яе на неба з душою і целам. Калі Бог прымае чалавека, то робіць гэта цалкам і назаўсёды. Бог не гуляе з чалавекам. Хто цалкам аддаў сябе Богу — а менавіта так зрабіла Марыя — будзе цалкам прыняты Ім. Гэта надае нашаму жыццю элемент вечнасці. І таму Марыя нездарма ўпрыгожана каронаю, якую атрымала ад Свайго Сына. Тое, што Яна была ўзята на неба з усёю сваёю чалавечаю істотаю, для нас становіцца выклікам, які адначасова з’яўляецца надзеяй. Бог хоча асвяціць нас, усё наша чалавечае існаванне і прыняць на неба. Праз гэта Бог надае нашаму жыццю сапраўдны сэнс і належны падыход да смерці. І для нас у небе падрыхтавана вечная карона. Як сказаў святы Пётр, мы — каралеўскае святарства, народ выбраны (пар. 1 П 2, 9), і Бог жадае давесці сваё стварэнне да мэты — вечнасці. Ці мы таксама ў гэтым бачым мэту і канец свайго жыцця? Часам нашыя мэты, якія мы плануем дасягнуць у будучыні, становяцца бессэнсоўнымі і недальнабачнымі. Унебаўзяцце Марыі адкрывае нам вочы на нашую добрую і шчаслівую будучыню. Гэта запрашэнне для нас: «Будзь верны аж да смерці, і Я дам табе вянец жыцця» (Ап 2, 10), — чытаем у кнізе Апакаліпсісу. «Той, о Пані, хто ўзяў Цябе на неба» i «Той, о Пані, хто Цябе ў небе ўкаранаваў», — вызнае пабожны люд. Гэтыя словы павінны накіроўваць нас у будучыню, але гэтая будучыня пачынаецца ўжо тут на зямлі. Нягледзячы на штодзённыя клопаты, мы як пілігрымы павінны прытрымлівацца менавіта такой жыццёвай пазіцыі і таму быць радаснымі і шчаслівымі. Не пустыя размовы людзей, а менавіта Божае Слова з’яўляецца апошнім словам, як гэта было ў жыцці Марыі. Гісторыя вучыць нас, што не прарокаў-самазванцаў пасылае Бог, але спаўняецца прароцтва Марыі: «І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца» (Лк 1, 50). Слуга Божы Папа Ян Павел II змясціў ў сваім гербе словы Totus Tuus (Цалкам Твой), што значаць: «Пане, я ўвесь Твой, як Марыя. І таму крочу слядамі Маці Божай і паўтараю за Ёй: Fiat — няхай станецца, Magnificat — узвялічваю Цябе, Conservabat — цалкам Табе давяраю, Stabat — трываю пры Табе, i Assumpta est — аддаюся ў Твае міласэрныя далоні». Амэн.


Кардынал Ёахім Майснер, 
Арцыбіскуп Кёльнскі

Пахаванне па Каталіцку

Смерць - гэта канец людскога пілігрымавання, але разам з тым яна - нараджэнне, уваход у новае, вечнае жыццё, у быццё дзяцей Божых, сабраных у доме Айца. Таму мы кіруемся не да смерці, але да жыцця.
Дамовіцца са святаром аб каталіцкім пахаванні можна ў сакрыстыі.

Ліста лектараў (травень - жнівень)

Паважаныя Парафіяне!
 
Для абвяшчэння Слова Божага пакліканы найперш біскупы, святары і дыяканы. У выкананні гэтага абавязку ім дапамагаюць лектары. У супольнасці вернікаў лектары чытаюць Божае слова, тым самым выхоўваючы ў веры дзяцей і дарослых, рыхтуючы іх да годнага прыняцця сакрамэнтаў.
Пн Ат Ср Чц Пт Сб Нд
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
20
21
23
24
25
27
28
29
30
31

РАСКЛАД НАБАЖЭНСТВАЎ

Кожны католік мае абавязак у нядзелю і абавязковыя святы ўдзельнічаць у святой Імшы – Эўхарыстыя

Расклад святых Імшаў у нашай парафіі ў нядзелю:
8.30 11.00 15:00 19.00

КАРОТКІ КАТЭХІЗІС

ПРА САКРАМЭНТ ПАКАЯННЯ ч.1

84. Што такое сакрамэнт пакаяння?
- Сакрамэнт пакаяння - гэта сакрамэнт, у якім Пан Езус праз пасрэдніцтва святара прабачае нам грахі, учыненыя намі пасля хросту
85.Якія ўмовы неабходна выканаць, каб сакрамэнт пакаяння быў сапраўдным і карысным для нашай душы?
- Для таго, каб Езус Хрыстус прабачыў нам грахі ў сакрамэнце пакаяння, неабходна:
     1. Зрабіць рахунак сумлення.
     2. Шкадаваць за грахі.
     3. Прыняць цвёрдае пастанаўленне выправіцца.
     4. Шчыра вызнаць свае грахі.
     5. Выканаць прызначаную пакуту.
Go to top