Падзякі і просьбы да Маці Божай Валадаркі Азёраў

Набажэнствы да Маці Божай Валадаркі азёраў, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Святоя Імша - будуць адбывацца ў кожную першую суботу месяца ў 11.00
 
 

Маці божая будслаўская — апякунка беларусі

budslauskaya
Category
Падзеі ў парафіі
Date
Чацвер, 02 Ліпень 2020
Venue
Будслаў - Unnamed Road
Будслаў, Беларусь

Штогод 2 ліпеня адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У апошнія гады культ Маці Божай Будслаўскай шырока распаўсюдзіўся па ўсёй нашай краіне, і вернікі нездарма называюць Яе Апякункаю Беларусі.
Цэнтр святкавання – невялікая вёска на поўначы Мінскай вобласці, назва якой — Будслаў — вядомая сёння ва ўсёй Беларусі і нават далёка за яе межамі. Там, сярод лясоў і балотаў, знаходзіцца нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Велічны будслаўскі касцёл, адна з самых прыгожых і вялікіх святыняў на нашай зямлі, быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі і з’яўляецца малою базылікай. Кожны год у Будслаў ідуць і едуць тысячы пілігрымаў, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю, папрасіць праз Яе заступніцтва асаблівых ласкаў Божых і прыняць удзел ва ўрачыстым будслаўскім фэсце, які становіцца сапраўдным святам веры адроджанага беларускага Касцёла — старажытнага і адначасова маладога.

У першы дзень ліпеня ў Будслаў са спевамі і радаснымі воклічамі адна за адною прыходзяць пілігрымкі. Перш за ўсё яны кіруюцца да санктуарыя, каб падзякаваць Той, якая вяла іх па спёцы і пад дажджом, лагодзячы боль крывавых мазалёў і атуляючы сваёю Матчынаю апекаю ад усіх небяспекаў у дарозе. Кожны пілігрым, які пераадолеў не адзін дзесятак кіламетраў, імкнецца апошнія метры ад уваходу ў святыню да цудоўнага абраза прайсці на каленях, каб выказаць Маці Божай асаблівую пашану.

Жывы паток у святыні не спыняецца і не слабне ні на хвіліну, але з-за вялікай колькасці вернікаў гэтыя некалькі метраў часам займаюць больш за гадзіну. Але гэты час становіцца часам асабліва глыбокай і шчырай малітвы, калі кожны, адчуваючы побач з сабою столькі братоў і сясцёр, разумее, што ўсе мы — дзеці аднаго Нябеснага Айца і маем у небе адну найлепшую Матулю, якая любіць усіх аднолькава. Менавіта ў гэтыя хвіліны з глыбіні сэрцаў узносяцца да Найсвяцейшай Маці самыя запаветныя просьбы, з надзеяй, што праз Яе магутнае заступніцтва яны будуць выслуханыя Найвышэйшым. Пра тое, што гэта — не пустая вера і не марныя надзеі, сведчаць шматлікія цуды, якія на працягу стагоддзяў адбываліся і працягваюць адбывацца ў нашыя дні каля цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

У першы дзень свята амаль кожную гадзіну тут распачынаецца чарговая святая Імша, каб тыя, хто толькі прыйшоў у Будслаў, маглі падзякаваць Пану за магчымасць маліцца ў гэтым святым месцы і прыняць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Тут жа можна паяднацца з Богам і Касцёлам у сакрамэнце пакаяння: у святыні і нават проста пад адкрытым небам з паслугаю святой споведзі чакаюць дзесяткі святароў. Нават калі да канфесіяналаў стаяць чэргі, кожнаму верніку будзе прысвечана столькі часу, колькі неабходна для яго духоўнае карысці.

Пілігрымаў, большасць з якіх — маладыя людзі, без цяжкасці адрозніш у стракатым натоўпе ўдзельнікаў урачыстасці па загарэлых тварах і радасным бляску ў вачах. Цэлы дзень па ўсім Будславе чуваць спевы, вясёлы гоман і смех. Тыя, хто прыйшоў раней, размяшчаюцца на начлег і выходзяць сустракаць новыя групы пілігрымаў. Але большасць з іх так і не лягуць спаць у гэтую ноч. Апоўначы каля святыні, дзе ўзвышаецца прыгожа аздоблены алтар, грандыёзнаю працэсіяй распачнецца ўрачыстая святая Імша. Шматтысячная грамада вернікаў з запаленымі свечкамі ў руках як вогненная стужка ўецца вакол парка перад святыняю. Гэтае велічнае і незабыўнае шэсце — своеасаблівая кульмінацыя пілігрымак і ўсёй урачыстасці. Пасля ўдзелу ў такой Імшы становіцца зразумелым, адкуль у стомленых доўгім шляхам пілігрымаў з’яўляюцца сілы для ўдзелу ў шматгадзінным начным чуванні.

Чуванне і малітвы працягваюцца аж да пачатку галоўнай святой Імшы ўрачыстасці, якую звычайна канцэлебруюць біскупы і некалькі дзесяткаў святароў з усёй Беларусі і з-за мяжы. Гэтаю Імшою і ўрачыстай працэсіяй завяршаецца цудоўны фэст, каб праз год ізноў вярнуцца ў Будслаў пад поўныя радасці спевы пілігрымаў.

 
 

Powered by iCagenda

СЛУХАЕМ АНЛАЙН

Запрашаем на штотыднёвую прыборку касцёла

Дбаць пра стан святыні ‒ гэта клопат парафіянаў. Таму шчыра запрашаем усіх вернікаў на прыборку касцёла, якая адбываецца кожны тыдзень па панядзелках (у 8. 30) і ў пятніцы пасля вячэрняй святой Імшы (у 19.30).
Будзе добра, калі кожны з нас задбае пра стан святыні і дапаможа ў штотыднёвай прыборцы (зразумела, па магчымасці). Няхай Бог вам адудзячыць!
 

Віншуем святароў і сясцёр эўхарыстак!

Сёння, у Вялікі чацвер, узгадваем устанаўленне Хрыстом сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства. З гэтай нагоды хочам падзякаваць ксяндзу Станіславу, ксяндзу Адаму і ксяндзу Уладзіміру, а таксама сёстрам эўхарысткам за іх служэнне ў нашай парафіі.

“… у ранах Яго мы атрымалі здароўе”

У каталіцкім літургічным календары ёсць адзін-адзіны дзень, калі не справуецца Святая Імша. І гэты дзень – Вялікая Пятніца. Аголены алтар, пусты табэрнакулюм і адстутнасць крыжа ў прэбітэрыюм сведчаць пра адно: Пастыр нас пакінуў.
Пахаванне па Каталіцку

Смерць - гэта канец людскога пілігрымавання, але разам з тым яна - нараджэнне, уваход у новае, вечнае жыццё, у быццё дзяцей Божых, сабраных у доме Айца. Таму мы кіруемся не да смерці, але да жыцця.
Дамовіцца са святаром аб каталіцкім пахаванні можна ў сакрыстыі.

Духоўнасць Сальватарыянаў

Правілам і жыццём гэтай супольнасці з’яўляецца захоўванне святога Евангелля нашага Пана, Езуса Хрыста, праз жыццё ў паслухмянасці, убогасці, чысціні і апостальстве.
                                              Канстытуцыя з 1884 года.
Духоўнасць сальватарыянаў знаходзіць сваю крыніцу ў глыбокай сувязі са Збаўцам. Трывалае натхненне знаходзяць у евангельскім пасланні Хрыста, які жадае збавіць усіх людзей. Сальватарыяне стараюцца асабіста адчуць праўду і потым абвяшчаць, што дабрыня Бога і любоў да чалавецтва аб’явілася ў Езусе Хрысце.
У Ім, адзіным праўдзівым Збаўцы свету, усе людзі пакліканы да аб’яднання з Богам і паміж сабой, каб утвараць Божы народ. Таму вызначаюць сабе апостальскую мэту: абвяшчаць усім людзям, што  Езус Хрыстус з’яўляецца Божым Збаўцам (Канстытуцыя Супольнасці, 101). Жадаюць гэта рабіць перадусім дзякуючы асабістаму падабенству з Хрыстом, адпаведна наказу айца Ярдана: “Божы Збаўца ў сваёй вялікай міласэрнасці паклікаў нас стаць Яго вобразам”.
Місія наследавання Збаўцы моцна аб’ядноўваецца з апостальскай місіяй, якая мае ўніверсальны характар. Законная правілы выражае яе наступным чынам: “Усімі спосабамі і сродкамі, да выбару якіх натхніць любоў Хрыста, абвяшчаем Езуса Хрыста ўсім людзям, асабліва дзякуючы сведчанню нашага жыцця, нашай дабрыні і нашай апостальскай шчырасцю. У выконванні гэтай паслугізаўсёды шануем чалавечую годнасць і мы гатовыя служыць аднолькава ўсім людзям” (Канстытуцыя, 202).
 

Спіс лектараў (люты-ліпень)

Паважаныя Парафіяне!
 
Для абвяшчэння Слова Божага пакліканы найперш біскупы, святары і дыяканы. У выкананні гэтага абавязку ім дапамагаюць лектары. У супольнасці вернікаў лектары чытаюць Божае слова, тым самым выхоўваючы ў веры дзяцей і дарослых, рыхтуючы іх да годнага прыняцця сакрамэнтаў.

РАСКЛАД НАБАЖЭНСТВАЎ

Кожны католік мае абавязак у нядзелю і абавязковыя святы ўдзельнічаць у святой Імшы – Эўхарыстыя

Расклад святых Імшаў у нашай парафіі ў нядзелю:
8.30 11.00 15:00 19.00

КАРОТКІ КАТЭХІЗІС

ПРА АНЁЛАЎ

11. Хто такія анёлы?
-  Анёлы - гэта духі, якія маюць розум і вольную волю, але не маюць цела.
12. Навошта Пан Бог стварыў анёлаў?
-  Бог стварыў анёлаў каб яны праслаўлялі Яго, дапамагалі людзям у збаўленні і радаваліся шчасцем у небе.
13. Як мы называем анёлаў, якія нам дапамагаюць?
-  Анёлаў, якія нам дапамагаюць, мы называем Анёламі Ахоўнікамі.
14. Ці ўсе анёлы былі паслухмяныя Пану Богу?
-  Некаторыя анёлы ўзбунтаваліся і не захацелі служыць Пану Богу.
15. Што сталася з анёламі, якія адмовіл: ся выконваць волю Пана Бога?
-  Гэтыя анёлы трапілі ў пекла. Там яны ўжо не могуць бачыць Бога і церпяць вечныя пакуты.
16. Як мы называем анёлаў, якія ўзбунтаваліся?
-  Анёлаў, якія ўзбунтаваліся, мы называем злымі духамі, д'ябламі, сатаной.
17. Што робяць злыя духі?
-  Злыя духі спакушаюць людзей, каб яны не слухаліся Бога.
Go to top